- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
На чалавека палююць часцей, чым на звера. Іншыя гома сапіенсы, вядома. Прынамсі, ягоны анёл-ахоўнік схаваўся, мусіць, вунь за тую аблачынку і роспачна захінае светлы твар лёгкімі рукамі, каб не бачыць перапэцканага гразёю і крывёю падапечнага. Той ушчаміўся спінай у зарослую кісліцай яміну пад вывернутым карэннем сасны і дрыжыць ад стомы і адчаю, і дыхае хрыпла і хутка, як і належыць зацкаванаму зверу. І ўжо, мабыць, нічога чалавечага не засталося ў ягоных запалых вачох... Хіба той самы сіні колер, за які сябры называлі яго Валошкаю... Чалавек, нібыта спрабуючы пазнаць самога сябе навобмацак, праводзіць па зблажэлым твары рукой з тонкімі доўгімі пальцамі. Рагі гразі і крыві размазваюцца па скуры. Вось цяпер ён цалкам выклікаў бы адабрэнне ў сваіх улюбёных старагрэчаскіх кінікаў. Зліўся з прыродай. Шкада, запозна... Ён нават усміхаецца куточкамі пакусаных вуснаў. Над галавой праляцеў авадзень. Чалавека скаланае — зумканне здаецца па-здрадніцку гучным. Нібыта на гэты гук прыйдзе пагоня... Заплюшчвае вочы і прыслухоўваецца. Ціха... Ніколі не думаў, што ягоная магіла будзе такой зялёнай, прагрэтай летнім сонцам... Што ж, родная зямля, дзякуй табе хаця б за гэта. Ці я не змог даць табе волі, ці ты не схацела такога дарагога дарунка... Як у «Фрынасе» Сматрыцкага: «Разявілі на мяне свае пашчы, як варожыя пашчы, напоўненыя здрадлівымі і фальшывымі словамі. Узялі ў свае рукі сякеры і шукаюць маю душу для таго, каб яе загубіць. З усіх бакоў сеці, усюды ямы, з усіх бакоў ядавітыя джалы...» (Пярсцёнак апошняга імператара