- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Загадкавае слова «Сібір» жыццёвыя вятры ўпершыню закінулі ў маю свадомасць, калі я меў гадоў пяць ад нараджэння, а да нашых полацкіх суседзяў прыехаў з гэтага самага «Сібіру» нейкі крэўны. Сібірскі сваяк выцягнуў з вагона багаж і ўбачыў на пераходзе праз чыгуначную каляіну папярэджанне: «Сцеражыся цягніка!» Зацкавана азірнуўшыся, ён выплюнуў з рота «беламорыну» і, схапіўшы валізы, вомегам кінуўся далей ад вакзала і ад сціжмы беларускіх зладзюгаў-цягнікоў, гатовых вокамгненна прыставіць ягонаму майну ногі. Гэтую показку на нашай вуліцы не распавядаў хіба што глуханямы дзед, які жыў са сваімі двума тузінамі катоў каля пампоўні. Слухачы дралі смехам бакі, і я рагатаў разам з усімі, хоць напачатку - адно за кампанію, бо, што такое «цягнік», ведаў не лепей за сібірскага чалдона. (фрагмент)