- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Чарговая кніга з серыі “Сем цудаў Беларусі” прысвечана лёсам толькі некаторых прадстаўнікоў даўніх і знакамітых родаў, што жылі некалі на беларускай зямлі. Яны праславілі яе і праславіліся самі ратнымі подзвігамі, мудрай палкаводчай, дзяржаўнай і палітычнай дзейнасцю ў Вялікім княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім. Многія праявілі сябе мецэнатамі, падтрымлівалі развіццё навукі, культуры і мастацтва, спрыялі пашырэнню адукацыі сярод простага люду. З іхняга асяроддзя выйшлі таленавітыя мастакі, пісьменнікі, кампазітары. Сярод іх былі вядомыя святары, некаторыя самі далучаны да ліку святых. Значны іх уклад у стварэнне славутых на ўсю Еўропу помнікаў архітэктуры. Напамінкам пра іхнюю магутнасць і дасведчанасць засталіся крэпасці, замкі, палацы, цэрквы, ксцёлы, іншыя выдатныя збудаванні, што дагэтуль захаваліся на нашай зямлі. А яшчэ ў іхніх дварах і маёнтках былі сабраны багатыя бібліятэкі, дзе захоўваліся не толькі каштоўныя рукапісныя і друкаваныя кнігі, але і шматлікія дакументы па гісторыі, унікальныя архівы. Шмат сродкаў і намаганняў укладвалі магнаты ў развіццё прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Яны ажыццяўлялі шматлікія карысныя праекты, скарыстоўвалі ў сваіх уладаннях новыя формы арганізацыі працы.