- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Першы нумар краязнаўчага месячніка “Слонімскі край” выйшаў у лютым 2016 года. У ім было 12 старонак. Зроблены нумар быў хутка. У студзені 2016-га я прапанаваў паспрабаваць рабіць перыёдык Васілю Герасімчыку, і ён горача гэтую ідэю падтрымаў. Менавіта Герасімчык выступіў за назву “Слонімскі край”, якая была ў краязнаўчага часопіса ў далёкім 2000 годзе. “Зразумела, ясна, дакладна і проста”, — пісаў ён пра яе. У выніку я з гэтым пагадзіўся, але настаяў, што цяперашні “СК” не будзе працягам “старога” выдання. Хацелася рабіць цалкам новы перыёдык, больш прафесійны, разлічаны на масавую аўдыторыю. Трэцім заснавальнікам “СК” стаў Сяргей Чыгрын, які падтрымаў нашу ініцыятыву. Важна было, што ён жыў і працаваў у Слоніме, паколькі і я, і Герасімчык фізічна знаходзіліся ад яго далёка. Наш месячнік паступова развіваўся: павялічваўся аб’ём нумару, матэрыялы станавіліся больш разнастайнымі. Былі надзеі на аб’яднанне на нашых старонках усіх мясцовых краязнаўчых сілаў. На жаль, з розных прычын, гэтага не сталася. Наша выданне некамерцыйнае, рабілася і робіцца аўтарамі ў вольны час, распаўсюджваецца бясплатна. Зразумела, што ганарарнага фонду не было і няма, і гэты факт не спрыяе пашырэнню кола аўтараў. У канцы 2016 года адышоў ад рэдакцыі Васіль Герасімчык, у якога, відаць, проста не хапала часу і сіл. Тады і адбыўся збой — адзіны нявыхад нумару.