- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Калі ехаць са Слоніма на Зэльву праз вёску Чамяры, то пасажыры пры лесе з правага боку заўважаць некалькі драўляных будынкаў, сярод якіх ёсць і двухпавярховы. Яны знаходзяцца амаль на мяжы Слонімскага і Зэльвенскага раёнаў. А за будынкамі здалёк свеціцца агеньчыкамі прыдарожная карчма вядомага на Зэльвеншчыне фермера Міхаіла Макея. Яна знаходзіцца ў былой Сынковіцкай участковай бальніцы, будынак якой быў узведзены яшчэ ў 1930-х гадах. Праўда, калі дом пераабсталявалі пад карчму, лічбы на ім перарабілі на 1831 год. Для чаго гэта было зроблена, можна толькі здагадвацца. Атрымалася, што дом пабудавалі яшчэ да вызваленчага паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў. Але гэта далёка не так. Будынак былой бальніцы з’явіўся каля лесу ў Сынковічах у 1930-я гады. Узводзіўся ён, як і іншыя, пры гаспадару пану Чапскім. Чапскія ў 1939 годзе пакінулі Сынковічы. Пасля Другой сусветнай вайны ў гэтых будынках знаходзілася Сынковіцкая бальніца. А ў дамах каля яе жылі тыя, хто там працаваў, лячыў людзей, займаўся гаспадарчымі справамі. Жыхары суседніх вёсак Сынковічы, Елка, Казловічы, Шулякі, Чамяры, Хадзявічы гэта месца называлі проста — Леснічоўка. І кіроўцы, якія ехалі па шашы, спыняліся каля помніка аленю на вялікім п’едэстале. Гэта быў своеасаблівы прыпынак для мясцовага люду. Яны так і казалі: “Спыніце мне, калі ласка, аўтобус ці машыну каля аленя”. І кіроўцы спынялі. Прайшлі дзесяцігоддзі, помніка лясному жыхару таксама ўжо даўно няма.