- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Гэтае здарэнне адбылося ў нашым горадзе вясной 1657 года. Трэці год, як пачалася вайна Рэчы Паспалітай (аб’яднанай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага і Польшчы) з Маскоўскай дзяржавай. У гісторыі яна вядома як “крывавы патоп”. Маскоўцы акупавалі значную частку ВКЛ разам са сталіцай Вільняй. Супраць Рэчы Паспалітай пачала агрэсію Швецыя, якая адначасова апынулася ў стане вайны і з Масквой. У той сітуацыі ў 1655 годзе вялікі гетман літоўскі Януш Радзівіл падпісаў унію ВКЛ са Швецыяй. Але адбыўся раскол эліты — значная яе частка не хацела разрыву з Польшчай на карысць шведаў. У 1656-м праект уніі са Швецыяй быў пахаваны, а вялікім гетманам літоўскім замест верагодна атручанага Януша Радзівіла стаў Павел Сапега. База сабранага ім войска ВКЛ была на неакупаваных Падляшшы і Берасцейшчыне. Сапега падтрымліваў караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра ў яго вайне супраць шведаў і чакаў, калі настане час для вызвалення земляў ВКЛ ад маскоўцаў. Збіранню сіл спрыяла падпісанае ў лістападзе 1656 года замірэнне з Маскоўскай дзяржавай. Што ж тады адбывалася са Слонімам? Маскоўскія войскі яго разрабавалі і часткова спалілі ў верасні 1655 года. Большасць жыхароў пахавалася па лясах, а тых, хто застаўся, акупанты пазабівалі. Калі маскоўцы сышлі, людзі вярнуліся ў горад. Праз два месяцы акупанты зноў праходзілі праз Слонім і пакінулі невялікую залогу (гарнізон), якая была яшчэ і ў наступным годзе. Але пасля падпісання замірэння найхутчэй яе адклікалі.