- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Цэнтр дакументацыі аб пераследаваннях нацыяналсацыялістычным рэжымам Arolsen Archives (ён знаходзіццца ў нямецкім горадзе Бад-Арользене ў зямлі Гесэн) выклаў у вольны доступ у інтэрнэце мільёны дакументаў са сваіх збораў. Яны датычаць не толькі ўласна ахвяр, якія вывозіліся на прымусовыя працы ці траплялі ў канцлагеры, але і так званых “перамешчаных асоб”, якія апынуліся пасля Другой сусветнай вайны ў зонах акупацыі Германіі заходнімі саюзнікамі. Падчас прагляду разнастайных картатэк у іх знайшлося нямала слонімцаў і людзей, якія маюць дачыненне да нашага горада. Што адразу кідаецца ў вочы? Гэта тое, як некаторыя нашы землякі, якія не пацярпелі ад нацыстаў, падавалі заходнім службам сябе, як ахвяр. Пры гэтым перакручвалі ці нават выдумлялі факты сваіх біяграфій, мянялі месца нараджэння, нацыянальнасць, веравызнанне. Яны любым коштам хацелі застацца на Захадзе і не жадалі вяртацца ў савецкую Беларусь. Пачнем з паэта Сяргея Хмары (Сіняка, 1905 — 1992). Ён — ураджэнец Казлоўшчыны ў цяперашнім Дзятлаўскім раёне. Хмара быў рэпрэсаваны і польскімі ўладамі, і савецкімі. Падчас нямецкай акупацыі жыў у Слоніме, быў загадчыкам бібліятэкі, займаўся прапагандай — выступаў на мясцовым радыё, удзельнічаў у выданні мясцовай газеты. З Беларусі Сяргей Хмара выехаў летам 1944 года, заканчэнне вайны сустрэў у Германіі, акупаванай заходнімі саюзнікамі. Ён трапіў у лік “перамешчаных асоб”, спадзяваўся выехаць за акіян, у Канаду.