- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Касцёл павінен распазнаваць знакі часу і адносна іх выконваць свае заданні, якія выражаюць яго ўнутраную прыроду. Да галоўных задач Касцёла адносяцца прапаведаванне Божага слова, цэлебрацыя сакрамантаў і служэнне любові. Бясспрэчным знакам часу з'яўляецца пантыфікат Папы з Буэнас-Айрэса, які, прымаючы ўпершыню за гісторыю папства імя бедняка з Асізі, указаў на прыярытэт свайго пантыфікату – пераважную любоў да бедных. Гэта адначасова ўказанне на тое, якім павінен быць прыярытэт усяго Касцёла. Па ініцыятыве Святога Айца Францішка ва ўсім Паўсюдным Касцёле мы ўжо ў пяты раз будзем перажываць Сусветны дзень убогіх. Гэта для нас запрашэнне ніколі не выпускаць з увагі магчымасць чыніць дабро, таму што, як піша Папа ў сёлетнім пасланні на гэты дзень, “Бедныя сярод нас”. Давайце ўсе адчуем сябе ў гэты дзень даўжнікамі бедных, каб праз працягнутыя адзін да аднаго рукі мы маглі здзейсніць збавенную сустрэчу, якая ўмацуе нашу веру, зробіць любоў рэальнасцю і дазволіць мець надзею на бяспечнае крочанне па дарозе да Пана!