- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
2020 год аказаўся для беларускіх медыяў найцяжэйшым за ўвесь час маніторынгу становішча ў сферы СМІ. Колькасць атакаў на журналістаў, блогераў і СМІ рэзка ўзрасла. Улады спрабавалі процідзейнічаць распаўсюду інфармацыі пра COVID-19 у краіне, а таксама пра палітычны і прававы крызіс, звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі. Беларусь аказалася адной з нешматлікіх еўрапейскіх краінаў, у якіх не быў абвешчаны каранцін у сувязі з COVID-19, і, больш за тое, афіцыйныя асобы доўгі час наогул адмаўлялі сур’ёзнасць гэтага захворвання. Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка доўгі час называў пандэмію «псіхозам» і «інфадэміяй» і заклікаў Міністэрства інфармацыі і сілавыя структуры змагацца з распаўсюдам «хайпу» на тэму каронавіруса. Міністэрства аховы здароўя не надавала журналістам і грамадству аператыўнай і дакладнай інфармацыі пра распаўсюд COVID-19 у краіне. Абсалютная большасць нападаў на журналістаў і медыі ў 2020 годзе былі звязаныя з асвятленнем імі выбараў, якія адбыліся ў жніўні, і акцыяў пратэсту, якія прайшлі пасля іх. У 95% выпадкаў «агрэсарамі» выступалі прадстаўнікі ўлады (супрацоўнікі сілавых структураў, пасадовыя асобы і г.д.). Найбольш масавым тыпам парушэння правоў журналістаў былі іх затрыманні.