- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Сведчанні слова. Аўтар «Слова аб палку Ігаравым» быў не толькі геніяльным мастаком, але і выдатным гісторыкам. Можна толькі здзіўляцца, наколькі ўсебакова і глыбока ведаў ён жыццё сучаснікаў і мінулае свайго народа, як упэўнена арыентаваўся ў заблытаным лабірынце тагачасных між-княжацкіх адносін, абцяжараных бясконцымі ўсобіцамі. У складанай удзельнай мазаіцы XII ст. аўтар «Слова...» убачыў і своеасаблівасць Полацкага княства. найболын буйнога і магутнага тады палітычнага ўтварэння на тэрыторыі старажытнай Беларусі, якое займала яе большую частку. Полацкая зямля, як і Руская, паказана ў «Слове...» у супрацьпастаўлевні яе мінулага і сучаснага. I калі першае паўстае ў вобразе князя Усяслава, дык другое — у вобразах яго ўнукаў. З'яўленне вобраза Усяслава ў партрэтнай галерэі самых выдатных дзеячаў нашай даўняй гісторыі, паказаных у «Слове...», было заканамернае. Беспрэцэдэнтнае па сваёй працягласці, княжанне Усяслава (1044—1101 г.) складае цэлую эпоху ў гісторыі Полацкага княства. Яшчэ пры жыцці гэты князь стаў легендарнай асобай і заслужыў імя Чарадзея, што гаварыла пра яго выключнасць. А пасля смерці слава князя ўсё болей расла.