Сродкі „Улей” не можа атрымаць па прычыне захопу „Белгазпрамбанку”
2020-06-28 19:53
Новая кніга-альбом прафесара Алеся Краўцэвіча „Дзяржава волатаў” ужо аддрукавана ў выдавецтве.
Але гэты прыемны для аматараў гісторыі момант азмрочаны тым, што грошы, якія збіраліся чытачамі талакою праз інтэрнэт-пляцоўку „Улей” цяпер заблакаваныя, і аўтар не можа іх выкарыстаць для выканання ўмоваў з выдаўцом. Кажа прафесар Алесь Краўцэвіч:
– Мы з мастаком Ігарам Гардзіёнкам працягнулі нашую серыю “Жыццяпіс вялікіх князёў літоўскіх” і прыгатавалі кніжку, якая выйшла – „Дзяржава волатаў. Альгерд і Кейстут – гаспадары Вялікага Княства Літоўскага (1345-1377 г.)”. Гэта эсэ такога самага фармату, як папярэдняя кніжка пра Гедэміна. Аздобленая выдатнымі ілюстрацыямі выдатнага мастака Ігара Гардзіёнка. На беларускай і ангельскай мовах. І кніжка ўжо выдрукавана. Але паўстаў адзін нюанс.
Удзел у талацэ прыняло каля двух сотняў асобаў, якія на працягу чатырох месяцаў сабралі грошы ў суме 5790 рублёў на выданне кнігі. Пакуль сродкі „Улей” не можа атрымаць і перадаць аўтару па прычыне захопу „Белгазпрамбанку”, дзе знаходзіцца рахунак, кажа Алесь Краўцэвіч:
– Атрымліваецца, 8 чэрвеня закончаны збор сродкаў. Выкананы збор сродкаў на дзвесце з нечым працэнтаў. Людзі адгукнуліся. Гэта каля 200 чалавек паверыла, пералічыла свае грошы ў аплату гэтай кніжкі. Але сёння, 28 чэрвеня, сродкаў няма. Ніхто нічога не кажа. Банк захоплены. Адміністрацыя нічога не адказвае. І фактычна 200 грамадзянаў Беларусі, і не толькі Беларусі, страцілі на сённяшні момант свае сродкі. Невядома што будзе. Гэта ганьба.
Але, нягледзячы на праблемы, аўтар ужо рыхтуе адсылку замоўленых кніжак на паштовыя адрасы ўсім удзельнікам збору сродкаў на выданне „Дзяржавы Волатаў”.
Якуб Сушынскі, Беларускае Радыё Рацыя