Сустрэча з набелісткай Святланай Алексіевіч у Варшаве
2025-06-07 10:08
16 чэрвеня лаўрэатка Нобелеўскай прэміі і ганаровая старшыня Беларускага ПЭНа Святлана Алексіевіч сустрэнецца са сваімі чытачкамі і чытачамі ў Варшаве. Мы радыя запрасіць вас далучыцца да спаткання!
Госці Новага Тэатра: Святлана Алексіевіч
дата і час: 16 чэрвеня 2025 года, 19:00–21:00
месца: Фае Новага Тэатра / Новая Кнігарня, ul. Madalińskiego 10/16, 02-513 Варшава, Польшча
мова сустрэчы: руская / беларуская, з перакладам на польскую мову
уваход вольны
Пра аўтарку:
Святлана Алексіевіч (нар. 1948) — беларуская пісьменніца і журналістка, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры (2015), якую атрымала за «паліфанічныя творы, помнік пакутам і мужнасці ў наш час». Тэмамі яе кніг з’яўляюцца, сярод іншага, удзел жанчын у Другой сусветнай вайне, катастрофа ў Чарнобылі, савецкая інтэрвенцыя ў Афганістане, паўсядзённае жыццё ў Расіі і постсавецкіх краінах. Даследчыкі класіфікуюць яе творы як дакументальную прозу, творы-араторыі, калектыўныя сведчанні, эпічны хор, дакументальныя маналогі і літаратурную журналістыку. Сама аўтарка кажа пра сваю творчасць: «Я не пішу сухой, голай гісторыі фактаў, падзей — я пішу гісторыю пачуццяў».
Святлана — лаўрэатка многіх міжнародных узнагарод, сярод якіх: Прэмія Нацыянальнага таварыства літаратурных крытыкаў ЗША, Прэмія імя Эрыха Марыі Рэмарка за мір, Прэмія Шведскага ПЭН-клуба, Лейпцыгская кніжная прэмія за ўнёсак у еўрапейскае паразуменне, Прэмія імя Андрэя Сіняўскага, Прэмія Фонду імя Фрыдрыха Эберта, французскі ордэн Мастацтва і Літаратуры (афіцэрская ступень), Прэмія імя Станіслава Вінцэнза «Новая культура Новае Еўропы», Літаратурная прэмія Цэнтральнай Еўропы «Angelus». Святлана Алексіевіч двойчы атрымлівала Прэмію імя Рышарда Капусцінскага: у 2011 годзе за кнігу «У вайны не жаночы твар», а ў 2015 — за «Час second-hand. Канец чырвонага чалавека».
З’яўляецца ганаровай старшынёй і сябрай Рады Беларускага ПЭНа, які пасля ліквідацыі ў Беларусі працягвае сваю дзейнасць у Польшчы.
У кастрычніку 2020 года была вымушана пакінуць Беларусь, бо падтрымала пратэсты грамадства супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў і асудзіла гвалт у дачыненні да мірных дэманстрантаў.
Святлана Алексіевіч асудзіла вайну Расіі супраць Украіны.
Пра мадэратарак:
Мадэраваць сустрэчу будць Таццяна Нядбай і Юстына Чэхоўска.
Таццяна Нядбай — беларуская літаратарка, перакладчыца, праваабаронца, старшыня Рады Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава і старшыня Беларускага ПЭНа. Аўтарка кніг паэзіі «Сірэны спяваюць джаз» і «Там, за сцяной», а таксама перакладаў з ангельскай і польскай моваў. Лаўрэатка прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Заснавальніца выдавецтва «Połackija Łabirynty».
Юстына Чэхоўска — польская перакладчыца шведскай і нарвежскай літаратуры, культурная дзяячка. Лаўрэатка ўзнагароды імя Віславы Шымборскай (2018), узнагароды Шведскай акадэміі для перакладчыкаў (2023). Сузаснавальніца Аб’яднання літаратурных перакладчыкаў (Stowarzyszenie Tłumaczy Literatury) і Фонду літаратуразнаўчых даследаванняў; суарганізатарка Гданьскіх сустрэч перакладчыкаў літаратуры «Odnalezione w tłumaczeniu».
Пра арганізатара:
Беларускі ПЭН быў заснаваны ў 1989 годзе ў Беларусі, а з 2021 года дзейнічае ў Польшчы як аб’яднанне. Ён падтрымлівае свабоду слова, абараняе правы пісьменнікаў і іншых дзеячаў культуры, а таксама працуе дзеля развіцця беларускай літаратуры і культуры. З’яўляецца часткай PEN International і сеткі Human Rights House Network. Арганізуе літаратурныя прэміі, фестывалі, мастацкія і адукацыйныя праекты. Ажыццяўляе маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Станам на 31 траўня 2025 года ў Беларусі з палітычных прычын пазбаўлены волі як мінімум 36 літаратурных дзеячаў і прынамсі 154 прадстаўнікі культурнай сферы.
Ілюстрацыя цыклу: Jarosław Danilenko