- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Ён ведаў, што іншай працы ў яго ўжо ніколі не будзе. Занадта шмат бачыў і чуў за апошнія гады. Такі, як ён, можа толькі падзяліць лёс тых, каго лячыў у турэмнай бальніцы. «Лячыў»… Звычайныя словы ў ягоным цяперашнім жыцці набывалі новы злавесны сэнс. Нібыта пачварна скажаліся абрысы прадметаў, якія ўпалі ў брудную цвілую лужыну: што там паблісквае на дне — лыжка? Скальпель? Абцугі? Паламаныя акуляры? Лекар пацяжэлай рукой прысунуў да сябе жалезны кубак — той шоргнуў па сталешніцы, як гераічны пратэз інваліда грамадзянскай вайны аб брукаванку. Та-ак, гэта табе не бардо ў крышталёвым келіху рэстарана менскага гатэля «Еўропа» ды пад гранне венскага дамскага аркестра… Зрэшты, ён тады быў зусім юны, і даваенна-рэвалюцыйныя ўспаміны расплываюцца ў памяці вясёлкавым туманам. (фрагмент)