Сяргей Высоцкі: Мы супраць таго, каб дапамагаць знешнім варожым сілам
2020-07-06 21:53
Напярэдадні дня галасавання самым уразлівым момантам для выбарцаў, мяркуюць грамадскія дзеячы, людзі мастацтва, спецыялісты ў юрыдычнай сферы, – гэта празрысты падлік галасоў і праблема фальсіфікацыі галасоў выбарцаў.
Ужо цяпер рэжысёр Андрэй Курэйчык, юрыст Гары Паганяйла, філосаф Уладзімір Мацкевіч прапануюць свае рэцэпты тактыкі падчас дня галасавання. Але яны ведаюць толькі тое, што падаецца ў беларускай медыйнай сферы, тое, што адкрыта. Існуюць таксама чыннікі схаваныя, якія для слушных паводзінаў у час выбараў таксама важныя.
Кажа Сяргей Высоцкі, кіраўнік „Беларускай партыі Свабоды-Самаабароны”.
Сяргей Высоцкі: Зараз ідзе кампанія „крывая”: я не адмаўляюся ад сваіх слоў – яна менавіта такая. І людзі маюць свае меркаваньні – творчыя людзі, з колаў юрыспрудэнцыі і простыя людзі выказваюць свае меркаванні. Чытаючы многія газеты, дзе аўтары апантанна, з нейкім захапленнем, уключаюцца ў гэтую тэму. Палітычнае жыццё вяртаецца ў Беларусь. Гэта вельмі цікава. І грамадства звяртае ўвагу на тое, што бачыць. Я заўжды намагаюся звяртаць увагу на тое, чаго не бачыць, тое, што грамадства не ведае. Бо некаторая інфармацыя прыходзіць праз другія рукі, часта яна пацвярджаецца. Інфармацыя прыходзіць нібы з „бункера”. Яна прыходзіць не наўпрост, але праз іншых людзей. Ну, напрыклад, тое, што па Беларусі прызначылі ў гэтых выбарах, з досыць паважных крыніцаў, наглядчыкам з Расеі Уладзіслава Суркова. Інфармацыя пра тое, што Суркоў замаўляе баявікоў ва Украіне, якія будуць пасля перакінутыя праз тэрыторыю Расеі, альбо Украіны. Пра гэта сказаў услых, пра такую верагоднасць, прафесар Валеры Салавей. Пра працу з беларускімі сілавікамі, якая вядзецца з Масквы ўвесь гэты час. І таму гэтая гульня, нават троху дзіцячая, гэтае захаплення нагадвае мне рыбалку. Рыбак надзявае блясну. Яна прыгожая такая – блішчыць. А за ёй страшны гачок. Толькі шчупак – гэта беларусы, беларускі народ. Рыбак страецца хутчэй выцягнуць яго і найхутчэй забіць.
Так і з Расеяй – суседкай. Яна пачынае сваю агрэсію праз нутраныя забурэнні, праз цывільны канфлікт, альбо праз грамадзянскую вайну. Пра гэта ўслых крычаць вядучыя ўкраінскія эксперты, грузінскія. Напрыклад, Тарас Беразавец, я глядзеў яго прамову; таксама Гела Васадзэ – вельмі ўплывовы чалавек у Грузіі. Папярэджваюць: беларусы, сцеражыцеся. Вы першыя пад прыцэлам Расеі, і менавіта гэтая прэзідэнцкая кампанія можа быць выкарыстана для арганізацыі страшных правакацыяў супраць вашай дзяржавы з умяшаннем Масквы.
Радыё Рацыя: Ці ёсць у вас магчыма свой тактычны ход для беларускага грамадства? Што рабіць? Як быць беларускаму грамадству ў гэтай сітуацыі?
Сяргей Высоцкі: Два словы толькі на гэтую тэму з расейскіх пуцінскіх экспертаў – Суздальцава і Бяспалька, якія амаль проста кажуць: спецназ ФСБ гатовы зрынуць Лукашэнку, але ўзамен незалежнасці Беларусі. Вось гэта ўстановачныя дазеныя. Датычна нашай сітуацыі. Галасаваць за Лукашэнку я не буду. А галасаваць за Лукашэнку-2 – гэта злачынства. Але беларускім патрыётам трэба паяднацца. Трэба выяўляць пільнасць. Безумоўна трэба быць напагатове. І калі пачнуцца забурэнні з удзелам расейскіх баявікоў, расейскіх спецназаўцаў, ці яшчэ каго – быць напагатове. Мы кажам сваім сябрам, сваім прыхільнікам. І, дарэчы, не толькі нашая арганізацыя БПС-Самаабарона, але і парыя БНФ прытрымліваецца такой палітыкі. То бок, мы разумеем меры пагрозы і мы ў працэсе. Але мы супраць таго, каб дапамагаць знешнім варожым сілам паліць сваю дзяржаву.
Радыё Рацыя: Некаторыя вядомыя людзі ў Беларусі выказваюцца пра тое, што беларуская мова не першасная – першасная дэмакратыя.
Сяргей Высоцкі: Я вам скажу, што наша арганізацыя, паглядзім, як у нас выйдзе, плануе правесці сур’ёзную нараду, каб пад’ехалі людзі не толькі з нашай арганізацыі ў Менску, каб у гэтай сітуацыі больш дэталёва ўзгаднілі нашыя захады, таму што рэальная пагроза для беларускай дзяржаўнасці і, відавочна, гуляецца вельмі паганая гульня. Мы кажам пра памылкі ўлады, яны іх дапускаюць і далей. Яны ідуць несканчальнай чарадой. Замест таго, каб уключаць і даць волю патрыятычным сілам. Працягваецца рэпрэсіўная машына. І гэта не ёсць адэкватным адказам на сітуацыю. Але ліберальна-дэмакратычныя сілы дапусцілі вялікія стратэгічныя памылкі. Вы разумееце, яны адразу падтрымалі альтэрнатыўных кандыдатаў, не разабраўшыся, што гэта за персоны. І як гэта бывае ў скарацечных кампаніях, інфармацыя пра іх усплывае толькі зараз. Вы ж гэта бачыце. Ну, напрыклад, супрацуе Цапкала з самымі шавіністычнымі сіламі Расеі, з тым жа Скурлатавым. Пра яго сяброўства з расейскімі шавіністычнымі арганізацыямі. Гэтую інфармацыю мы не ведалі яшчэ літаральна два тыдні назад. Тое самае, выбачайце, была выказана інфармацыя адным з вядучых палітыкаў, у сваім блогу ён напісаў, пра сустрэчу з пуцінскім асяродкам Бабарыкі летась, напярэдадні ён прыняў рашэнне пра вылучэнне. Але гэта адна памылка, што іх падтрымалі ліберальныя сілы, альтэрнатыўных кандыдатаў – не разабраўшыся. Другое, што яны дазволілі сабою маніпуляваць. І многія, ведаеце, людзі, бліжэй да патрыятычных сілаў, перашлі на іхны бок, той жа Павел Севярынец. А трэці момант тое, што яны жадаюць праектаваць, мадэляваць пазіцыі расейскіх імперскіх колаў. Бо Масква толькі і чакае таго моманту, калі беларусы забудуцца пра сваё існаванне. Але, калі раптам адбудуцца жахлівыя рэчы, і будзе рэалізоўвацца расейскі сцэнар, людзі не прабачаць ім. Не прабачаць гэтую ўсяяднасць, не прабачаць закулісныя змовы, не прабачаць, калі будзе пралітая кроў. Таму тут трэба падзяляць адказнасць. Любая палітычная сіла: чыноўнік, афіцэр высокага рангу, які будзе гуляць за Маскву, альбо беларускія апазіцыянеры, якія называюць сябе беларускімі апазіцыянерамі, будуць гуляць за Маскву са сцэнаром разбурэння беларускай дзяржаўнасці – яны будуць адказваць за гэта. Яны павінны разумець проста зараз.
Гутарыў з Сяргеем Высоцкім пра яго бачанне тактыкі паводзінаў выбарцаў напярэдадні дня галасавання, а таксама ў дзень галасавання за прэзідэнта краіны – наш карэспандэнт.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота nashaziamlia.org