- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Прэзыдэнцкія выбары выклікалі вялікае напружаньне і ўзрушэньне ў беларускіх масах. Цягам летніх месяцаў наконт іх вынікаў выказваліся самыя незвычайныя прагнозы. У дзеяньне былі прыведзеныя агромністыя людзкія і матэрыяльныя рэсурсы. У нейкі момант здалося, што 9 верасьня мы станем сьведкамі сьмяротнай сутычкі дзьвюх найважнейшых у краіне сілаў — сыстэмы ўлады і сыстэмы апазыцыі. Значэньне гэтай даты дружна падкрэсьлілі абодва палітычныя антаганісты. Дзейны прызыдэнт Лукашэнка — словамі «...прэзыдэнцкія выбары — больш чым выбраньне таго ці іншага палітыка. Гэта — вызначэньне лёсу дзяржавы». Адзіны кандыдат дэмакратычных сілаў Уладзімер Ганчарык — параўнаньнем саміх выбараў зь бітвай паміж Дабром і Злом. Аднак пасьля выбараў здаецца, што маштаб гэтай падзеі быў моцна завышаны. Для лукашэнкаўцаў яна стала нагодай для яшчэ адной дэманстрацыі свайго палітычнага, адміністрацыйнага, ідэалягічнага і інш. патэнцыялу, для дэмакратычных сілаў — спробай павялічыць сваю грамадзкую вагу, утрываліць свае пазыцыі, стварыць надзейны падмурак для будучай барацьбы. Мы дапушчаем, што пасьля цьвярозай ацэнкі бягучага палітычнага моманту стратэгамі дэмакратычных сілаў ужо ня ставілася заданьне перамагчы за любы кошт. Яго заступіла ўсьведамленьне неабходнасьці дасягнуць «пазыцыйнай выгады», г. зн. павялічыць сацыяльны засяг апазыцыі і праверыць дзеяздольнасьць яе цэнтральных і рэгіянальных структур ува ўмовах прэсынгу з боку дзяржавы.