“Цнота на потым” Барыса Пятровіча. Навінка ад Kamunikat.org
2025-03-24 17:37
У новую кнігу прозы Барыса Пятровіча ўвайшлі дзве аповесці і эсэ. Гэта захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў.
У першай аповесці “наіўны дэтэктыў” расследуе таямнічую смерць бабулі-суседкі ў Менску, у другой – журналіст-спецкар распавядае пра свае амаль “даўлатаўскія” прыгоды падчас камандзіровак па Беларусі. Эсэ прысвечана падзеям першага постчарнобыльскага месяца на гомельскім Палессі. Лёгкая, чытэльная проза прыйдзецца даспадобы розным пакаленням аматараў літаратуры.
Кніга ідзе ў друк 25 сакавіка і будзе дасяжныя ў нашай
інтэрнэт-кнігарні ў другой палове наступнага месяца.
Барыс Пятровіч (Сачанка) – яскравы прадстаўнік экзістэнцыялізму ў сучаснай беларускай літаратуры. У творчасці спалучае адданасць класічным літаратурным традыцыям з дакладна выверанымі назіраннямі за рэаліямі і пошукам новых формаў і магчымасцяў.

Нарадзіўся ў 1959 годзе на Гомельшчыне. Cкончыў факультэт журналістыкі Белддзяржуніверсітэта. Працаваў у газетах “Гомельская праўда”, “Звязда”, “Літаратура і Мастацтва”, часопісе “Полымя”.
У 2002 годзе заснаваў і стаў галоўным рэдактарам літаратурнага часопіса “Дзеяслоў”, у 2011 годзе быў абраны старшынёй Саюза беларускіхпісьменнікаў. Аўтар кніг: “Ловы”, “Сон між пачвар”, “Фрэскі”, “Шчасце быць”, “Жыць не страшна”, “Піліпікі”, “Плошча”, “Спакушэнне”, “Спачатку была цемра”, “Ідзі адзін” і інш.
Творы перакладзеныя на англійскую, французскую, нямецкую, шведскую, украінскую, польскую, рускую, чэшскую, балгарскую, літоўскую і іншыя мовы. Сярод найбольш удалых перакладаў кнігі “Фрэскі” (“Fresker”), “Плошча” (“Torget”) і “Беларусь: Фрэскі” (“Belarus: Fresker”) пераствораныя па-шведску Дзмітрыем Плаксам.