У Брэсце праціўнікаў завода АКБ запрашалі на рэферэндум і пад рукі ўводзілі з плошчы
2020-07-13 16:45
12 ліпеня ў Брэсце прайшла традыцыйная акцыя "кармлення галубоў", на якую сабралася каля 30 праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода, піша reform.by са спасылкай на "Першы рэгіён".
Адзначаецца, што многія не змаглі трапіць на месца, бо плошча Леніна была ачэпленая міліцыяй, якая разварочвала людзей на падыходзе да яе.
Да тых, хто патрапіў на месца правядзення акцыі, неўзабаве падышлі супрацоўнікі АМАП і папрасілі пакінуць плошчу. Пры гэтым удзельнікаў запрашалі прайсці ў будынак выканкама.
"Вас там чакаюць", — паведаміў мужчына ў цывільным, адзначыўшы, што ў прысутных будзе магчымасць "абурыцца і папляскаць у далоні", на плошчы ж мерапрыемства з'яўляецца несанкцыянаваным.
Інфармацыя праціўнікам завода транслявалася таксама праз мегафон.
"Паважаныя грамадзяне, у 12.30 у зале Брэсцкага аблвыканкама пройдзе папярэдняе абмеркаванне па пытаннях акумулятарнага завода. Просьба прайсці да месца сустрэчы. На плошчы Леніна мерапрыемства не санкцыянаванае. У адваротным выпадку вінаватыя асобы будуць устаноўленыя і прыцягнутыя да адказнасці", — паведамлялася прысутным.
Людзі не сыходзілі, і супрацоўнікі АМАП пачалі адводзіць іх з плошчы пад рукі самі.
Нагадаем, будаўніцтва акумулятарнага завода "АйПауэр" пачалося ў канцы 2017 года ў некалькіх кіламетрах ад Брэста. Пратэсты гараджан супраць прадпрыемства доўжацца больш двух гадоў. Акцыі "кармлення галубоў" праходзяць у Брэсце кожную нядзелю і часта суправаджаюцца затрыманнямі актывістаў.