У Варшаве заснавалі Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў
2025-11-25 21:32
У Варшаве падчас фестывалю Pradmova прайшоў устаноўчы сход беларускіх выдаўцоў з мэтай стварэння прафесійнай асацыяцыі.
У Асацыяцыю беларускіх выдаўцоў увайшло 11 сузаснавальнікаў, якія прадстаўляюць асобныя выдавецтвы або выдавецкія ініцыятывы. Было выбрана кіраўніцтва і сфармавана рэвізійная камісія. Цяпер стаяць задачы зарэгістраваць новую ініцыятыву згодна з польскім заканадаўствам і стварыць цягам наступнага года некалькі праектаў дзеля падтрымкі выдавецкай супольнасці.
Паразмаўлялі з новавыбранай старшынёй Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў Валянцінай Андрэевай, рэдактаркай кракаўскага выдавецтва Gutenberg.
— На вашым арганізацыйным сходзе прагучала думка, што выдаўцы планавалі стварыць сваю прафесійную асацыяцыю даволі даўно, але толькі зараз атрымалася. З якімі мэтамі аб’ядналіся выдаўцы ў прафесійную арганізацыю?
— За апошнія гады відавочна адбываецца лавінападобны рост колькасці выдавецкіх ініцыятываў за мяжой. Іх ужо не менш за дваццаць.
Размовы пра неабходнасць такога аб’яднання для незалежных выдаўцоў вяліся яшчэ ў Беларусі, у той час, калі выдавецкая справа не была такой небяспечнай працай, як цяпер. Выдаўцы заўжды цікавіліся справамі адно аднаго і каардынавалі свае дзеянні. Такое аб’яднанне сапраўды магло ўтварыцца яшчэ ў Беларусі, і я не магу адказаць на пытанне, чаму яно там не ўзнікла. Тут, у эміграцыі, мы ў большай ступені маем патрэбу адно ў адным. Без каардынацыі дзеянняў, без узаемадапамогі і салідарнасці ўсё было б нашмат складаней. Здаецца, усе выдаўцы пагаджаюцца, што мы не канкурэнты, што мы працуем у адным і тым жа полі і намагаемся насыціць патрэбы беларускага грамадства ў самых розных кнігах.
Таксама мы бачым, на тым жа фестывалі Pradmova, наколькі мерапрыемствы, прысвечаныя кнігавыданню і беларускай кнізе, сталі папулярнымі. Падобныя сустрэчы патрэбныя і чытачам, і выдавецкай супольнасці. Магчыма, варта зрабіць іх больш тэматычнымі, больш рэгулярнымі і з практычнымі вынікамі. Гэта таксама можа стаць задачай нашай Асацыяцыі.
Апроч таго, у Еўропе распрацаваныя механізмы, паводле якіх супольнасці плённа працуюць і дасягаюць неабходных ім вынікаў, таму рэгістрацыя нашай Асацыяцыі – гэта спроба скарыстацца еўрапейскімі механізмамі вырашэння нашых праблем — не індывідуальных, не камерцыйных, а прафесійных праблем усёй супольнасці.
Калі Асацыяцыя будзе зарэгістраваная, гэта значыць, што ў выдаўцоў з’явіцца прадстаўнік, які будзе камунікаваць ад нашага імя з патрэбнымі інстытуцыямі, з асобнымі аўтарамі ці літаратурнымі агенцыямі, будзе спрабаваць шукаць падтрымку ці выказваць сумесную пазіцыю па нейкіх злабадзённых пытаннях.
Фармат асацыяцыі як некамерцыйнага таварыства прафесіяналаў дазволіў бы ісці да нашых мэтаў і дасягаць іх.
— На сходзе вы сказалі, што сярод найбольш відавочных цяпер мэтаў — гэта ўдзел у міжнародных кніжных кірмашах ці літаратурных мерапрыемствах. Яшчэ якія надзённыя задачы паўстаюць перад выдавецкай супольнасцю?
— Так, адно з важных пытанняў – гэта прысутнасць беларускай кнігі, удзел у кірмашах, да якіх пакуль не ўдаецца далучыцца. Ёсць партнёры, якія дапамагаюць нам далучыцца да важных кірмашоў, але ёсць кірмашы, дзе беларуская кніга не прадстаўлена.
Другая задача — гэта праца над бачнасцю беларускай кнігі для беларусаў у свеце, бо даволі складана кожнаму выдаўцу паасобку даносіць інфармацыю пра выдадзеныя кнігі да шырокага кола людзей.
Напрыклад, выдавецтвы не маюць рэсурсу, каб камунікаваць са СМІ на дастаткова глыбокім узроўні, каб рэклама іх прадукцыі была змястоўнай і цікавай, а не заставалася кароткімі інфармацыйнымі паведамленнямі.
Мы шмат часу прысвяцілі абмеркаванню таго, чым магла б займацца наша Асацыяцыя. І мне здаецца, што напісаўшы статут, мы зафіксавалі такое кола задач, якіх бы хапіла на добры прафесійны калектыў. І я абсалютна ўпэўнена, што вынікі гэтай працы стануць заўважнымі не адразу, не на працягу месяца ці паўгода, але ў перспектыве гадоў. Аднак, калі ў выдавецкім полі пачынаецца рух, ставяцца амбітныя задачы і знаходзяцца сродкі на гэтыя задачы, у гэтае поле пачынаюць прыходзіць новыя людзі, новыя прафесіяналы — адмыслоўцы ў SММ, у відэаграфіцы, нават проста новыя аўтары.
І ўсё гэта павінна спрацаваць на карысць беларускай кнігі.
— Нягледзячы на польскую рэгістрацыю, да асацыяцыі могуць далучыцца любыя выдаўцы?
— Так, безумоўна, наш статут дазваляе ўваходзіць у асацыяцыю выдаўцам з любой краіны.
Фота: reform.news
На ўстаноўчым сходзе Асацыяцыі беларускіх выдаўцоў у Музеі Вольнай Беларусі.