- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
А. Мілінкевіч павітаў ініцыятыву „Кампрамісу дзеля адзінства” Аляксандар Мілінкевіч 4 сакавіка павітаў прапанову старшыні Партыі БНФ Вінцука Вячоркі адносна правядзеньня кангрэсу дэмакратычных сілаў, якую апошні выклаў у дакумэнце „Кампраміс дзеля адзінства”. — Сытуацыя ў Беларусі і вакол яе абвастраецца, — напісаў Мілінкевіч у адкрытым лісьце да сяброў палітычнай рады дэмсілаў. — Існуе пагроза незалежнасьці і эканамічнага крызысу. Дэмакратычным сілам нашай краіны як ніколі вельмі важна апэратыўна і адэкватна рэагаваць на выклікі часу. Сёньняшняе становішча справаў унутры аб’яднаных дэмсілаў можна ахарактарызаваць як нездавальняючае па прычыне адсутнасьці адзінства суб’ектаў кааліцыі па найбольш важных пытаньнях унутры кааліцыйнага будаўніцтва. У такой сытуацыі аб’яднаныя дэмсілы ня могуць эфэктыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці краіны і ажыцьцяўляць тыя надзеі, якія ўскладаюць на нас грамадзяне Беларусі. Прапанову Вячоркі Мілінкевіч называе „добрым крокам для пачатку дыскусіі” дзеля дасягненьня кампрамісу ды заклікае дэмакратычную супольнасьць краіны „як мага хутчэй выказаць сваё стаўленьне да прапановаў, што ўтрымліваюцца ў звароце Вячоркі, і сумеснымі намаганьнямі паспрыяць захаваньню такога неабходнага для нас усіх адзінства”.