Вадзім Саранчукоў: Спадзяванне на ўключэнне нашых партыйцаў у камісіі вельмі малое
2020-06-23 19:02
Партыя БНФ накіравала ва ўчастковыя камісіі па ўсёй Беларусі 109 прадстаўнікоў, яшчэ 85 чалавек вылучаныя ад мясцовых арганізацый грамадскага аб’яднання БНФ “Адраджэньне”.
Лёс гэтых прадстаўнікоў вырашыцца цягам некалькіх бліжэйшых дзён.
Кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– Думаю, што па выніку ніякай розніцы не будзе. Ужо сёння мы бачым, як адбываецца фармаванне ўчастковых камісій у Менску, дзе не ўключаюць фактычна ніводнага альтэрнатыўнага прадстаўніка. Я думаю, што заўтра ў Гародні будзе прыблізна тое самае. Папярэднія гады кажуць пра тое, што нашым прадстаўнікам адмаўляюць па абсалютна розных прычынах.
Палітык упэўнены, што большасць прычынаў адмаўлення – надуманыя:
– Выдумвалі за ўсю гісторыю абсалютна розныя, дзікія падставы. Пачынаючы з таго, што ў камісію нельга ўключаць людзей, якія ніколі не працавалі ў камісіі. Спасылаліся на тое, што чалавек можа быць беспрацоўным, хоць наадварот, калі чалавек беспрацоўны, за працу ў камісіі ён грошы не атрымлівае, але затое ён мае шмат вольнага часу, каб прысвяціць арганізацыі выбарчага працэсу. Бо менавіта ўчастковыя камісіі займаюцца тым, што падлічваюць першасныя бюлетэні. І гэта цэлы комплекс кантролю грамадзян.
Па словах Вадзіма Саранчукова, ужо зараз выбары-2020 нельга назваць свабоднымі і дэмакратычнымі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня