be

Ваганаў Сяргей

Ваганаў Сяргей

Ваганаў Сяргей – Паэт, журналіст.

Нарадзіўся 6 кастрычніка 1941 года ў Казані, куды матуля, цяжарная мной, праз неверагодныя пакуты пачатку вайны дабралася з Мінска. Пра маё з'яўленне ў гэтым свеце, і ўвогуле пра лёс жонкі і яе дачкі, бацька, каторы адразу пайшоў на фронт, даведаўся толькі ў лістападзе. Вось урывак з ягонага ліста да матулі ад 9 лістапада 1941 года: "Милая моя страдалица! Вчера я только узнал, какое счастье выпало на мою долю. В этакое время заполучить сына – что и говорить, дело, заслуживающее пера историка и литератора... сын образца 1941 года! Шутки ли?» На гэты выраз -- «сын образца 1941 года» упершыню я натрапіў недзе на пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў далёкім закутку бацькоўскага пісьмовага стала адшукаў загорнуты ў газету, акуратна перацягнуты шнурком скрутак. Гэта былі лісты бацькі з фронта матулі і матуліны – бацьке на фронт...

Ужо пасля іх сыходу з жыцця – бацькі ў 1996 годзе, матулі – у 2004-м, разбіраючы сямейны архіў, я зноў перачытаў амаль тры сотні тых лістоў. І з надзвычайнай яснасцю зразумеў, дакладней, адчуў, што мінулае не знікае, што яно літаральна жыве ўва мне сваёй вельмі істотнай часткай, выяўляе сябе ў новых падрабязнасцях, дэталях, узаемасувязях, ці то паўзабытых, ці то не меўшых дасюль аніякага для мяне значэння. З гэтага, амаль праз 70 гадоў, адкрыцця, з адчування, што мінулае не проста ўспамінаецца, а жыве са мной, ува мне, і нарадзілася жаданне ўвасобіць яго ў паэтычны цыкл «ХХ век: семейный альбом», сабраць пад ягонай вокладкай гісторыю вялікай беларуска-яўрэйскай сям'і. Сям'і, чыя гісторыя наўпрост звязаная з гісторыяй Беларусі і краіны, што знікла ў Лету, з 20-м стагоддзем, «веком-волкодавом», па Мандэльштаму, які ўгрызаецца ў горла і нашаму, 21-му стагоддзю...

Ну а калі я даведаўся са згаданага ліставання, што нейкім таямнічым, амаль містычным чынам я нарадзіўся ў казанскай кватэры, дзе жыла сям'я старэйшага брата бацькі, раскіданая пасля яго растрэлу ў 1938 годзе па гулагаўскіх дзіцячых дамах і лагерах ад Украіны да Магадана, рашучасць выдаць кнігу вершаў умацавалася канчаткова. Ды й Уладзімір Някляеў, сябра ад 70-х гадоў, натрапіўшы на верш са згаданага цыкла ў Фэйсбуку, адгукнуўся: “Хопіць ужо табе лічыць сябе толькі журналістам”. Дагэтуль, хаця вершы ствараліся цягам жыцця, я ніколі іх не друкаваў. Што праўда, была на пачатку 70-х адна спроба прапанаваць нізку вершаў часопісу «Неман». У адказ пачуў: «Вы добра валодаеце вершаванай тэхнікай. Але вершам не хапае грамадзянскай пазіцыі». Я не пакрыўдзіўся. Бо не лічыў сябе здольным сказаць сваё Слова ў паэзіі. Іншая справа – журналістыка, схільнасць да каторай выявілася яшчэ ў студэнцкія гады, з першых публікацый у «Чырвонай змене» -- газеце, дзе з 1930 года па рэкамендацыі Міхася Лынькова пачынаў свой 60-гадовы шлях у журналістыцы бацька. Ды й матуля была да вайны журналісткай, у 1939 годзе, кінуўшы дачку-школьніцу на сяброў, рушыла з войскам у Пінск, дзе стварыла і была першай рэдактаркай «Палескай праўды». А пазнаёміліся бацькі, калі пры канцы 30-х гадоў абодва працавалі ў «Советской Белоруссии»...

Такім чынам, мая схільнасць да журналістыкі абумоўлена генетычна. Але перш, чым яна выявілася канчаткова, было пасля вяртання ў Мінск у 1944 годзе дваровае, школьнае дзяцінства -- спачатку ў музычнай школе пры кансерваторыі, потым у 42-й сярэдняй; студэнцкае, на гістфаку БДУ, юнацтва; настаўніцтва ў вёсцы Далёкія на Браслаўшчыне, каторае, хаця і не было працяглым, адыграла вырашальную ролю ў маім светапоглядзе і канчаткова прывяло ў журналістыку. Бо не столькі я вучыў вёску, колькі яна вучыла мяне таму, што звыкла завецца праўдай жыцця. Пачынаючы з восені 1964 года працаваў літсупрацоўнікам у "Чырвонай змене", "Сельской газете", на розных пасадах у газеце "Знамя юности". З 1976 па 2008 год — уласным карэспандэнтам газеты "Труд" па БССР, галоўным рэдактарам газеты "Труд" в Беларуси". Друкаваўся ў розных газетах, часопісах і зборніках у Беларусі, Расіі і за мяжой. З пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя актыўна супрацоўнічаў з "Народнай газетай", з газетамі "Народная Воля" і «Наша Ніва» у якасці вядучага аўтарскай калонкі "Камертон". Вынікам гэтага плённага супрацоўніцтва сталася кніга нарысаў і эсэ «Мосцік над вечнасцю» (2016 г.)

Супрацоўніцтва з «Нашай Нівай» вярнула мяне да роднай мовы, з каторай я пачынаў у «Чырвонай змене». Дзве нізкі вершаў у «Дзеяслове» увайшлі ў беларускамоўную частку зборніка паэзіі «Я веру ў Цуд» (2018 г.)

Адзін з заснавальнікаў Беларускай асацыяцыі журналістаў, сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Ваганаў Сяргей. Выданьні

Шматкроп’і-ІІ
epub

Шматкроп’і-ІІ


Ваганаў Сяргей

Ганна Цімафееўна, школьная настаўніца гісторыі, калі пачы­нала распавядаць, як мудра бальшавікі вырашылі сялянскае пытанне, любіла падмацоўваць свой аповед жывым, так бы мовіць, прыкладам. Прыклад гэты браўся з неба, адкуль зямля была асабліва добра бачная. «Калі ляціш над Польшчай, – казала яна, – адразу... Болей »

Праз межы Часу
pdf

Праз межы Часу

вершы, нарысы, эсэ
Ваганаў Сяргей

Шаноўны чытач! Кніга вядомага журналіста, публіцыста і паэта Сяргея Ваганава, якую ты трымаеш зараз у руках, нездарма мае назву «Праз межы Часу», бо непасрэдна ці ўскосна ахоплівае падзеі, сэнсы, грамадскія настроі, што віравалі і віруюць у жыц­ці краіны ад 40-х гадоў мінулага стагоддзя да нашых дзён.... Болей »

Я веру ў Цуд
pdf

Я веру ў Цуд

Вершы розных гадоў (1963–2018)
Ваганаў Сяргей

Вершы, сабраныя ў гэтай кнізе, ствараліся журналістам Сяргеем Ваганавым цягам жыцця, але амаль нідзе не друкаваліся, за выключэннем часопіса “Дзеяслоў”, газеты “Народная Воля”, альманаха “Мишпоха” і Сеціва. Такім чынам, гэта першая паэтычная кніга аўтара, у якой вы знойдзеце і любоўную лірыку, і філасофскую... Болей »

Развітанне з будучыняй
epub

Развітанне з будучыняй


Ваганаў Сяргей

«…Дарэчы, і тваю школу ў Далёкіх з верасня зачынілі, — Ванда бездапаможна ўздыхнула, і размова доўжылася пра Опсу, пра школу-інтэрнат, у якой прайшло ўсё яе, цягам 40 гадоў, настаўніцкае жыццё. — Зачыненая, ужо другі год як зачыненая…» Школа-інтэрнат, дзе вучыліся і жылі дзеткі-сіроты з усёй Віцебшчыны... Болей »

Мосцік над вечнасцю
epub pdf

Мосцік над вечнасцю

Нарысы і эсэ
Ваганаў Сяргей

Тэксты з кнігі часткова друкаваліся ў газетах “Народная Воля” і “Наша Ніва” пад рубрыкай “Камертон”. Гэта нарысы і эсэ пра розныя падзеі, часам нават як бы нязначныя. Агульнае, што яднае іх, — гэта Памяць. Мне заўсёды здавалася, што зразумець сучаснасць і зазірнуць у будучыню немагчыма без памяці пра... Болей »

Постаці
epub

Постаці


Ваганаў Сяргей

Пра тых, з кім звяло жыццё…... Болей »

Мосцік над вечнасцю
epub

Мосцік над вечнасцю


Ваганаў Сяргей

Няма, мусіць, чалавека, які хаця б раз у жыцці не задумваўся над тым, дзеля чаго ён з’явіўся з нябыту, якая сувязь існуе паміж ім, продкамі і нашчадкамі, як адбіваецца гэтая сувязь на ягоным жыцці і жыцці, што віруе навокал, пакуль ён сам бездапаможна не сыдзе ў нябыт…... Болей »

Праз межы часу
epub

Праз межы часу


Ваганаў Сяргей

Людзі сталага веку па-рознаму ўглядаюцца ў мінулае, тым больш на мяжы стагоддзяў. Адны — нібыта праз падзорную трубу выхопліваюць з яго тыя ці іншыя дэталі ды эпізоды. Перад вачыма тых, хто глядзіць у мінулае нібыта праз бінокль, узнікае шырокая панарама адышоўшых у гісторыю падзей. Але ёсць яшчэ ўнутраны... Болей »

Пульт асобы
epub

Пульт асобы


Ваганаў Сяргей

«Не ўсё так дрэнна было пры Гітлеры…» Можна працягнуць: «Не ўсё так дрэнна было пры Сталіне… пры Мусаліні… пры Кадафі… пры Піначэце… пры… пры…» Усе дыктатуры, нягледзячы на так званыя «нацыянальныя асаблівасці», яднае адна галоўная рыса — асоба дыктатара перадусім… «Не ўсё так дрэнна…» Тут — пра ўсё... Болей »

Па кім маўчыць звон
epub

Па кім маўчыць звон


Ваганаў Сяргей

Чалавек рэдка зважае на сваё здароўе, калі нічога не баліць. А калі нават пабольвае, трывае. Бо звык. Між тым хвароба паціху падточвае ягоны арганізм — і ўрэшце выбухае нясцерпным болем. Так здараецца і з грамадствам…... Болей »

Камунікат.org – Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстаньні матэрыялаў у Інтэрнэце прамая гіпэрспасылка на Kamunikat.org абавязковая.
Ідэя сайту Яраслаў Іванюк
Fundacja Kamunikat.org | KRS 0000735360 | NIP 5423316380 | REGON 380450384 ul. Proletariacka 11 |15-449 Białystok| Polska
Правы © 2000-2024 by Kamunikat.org