Вандроўка па Дзвіне на дракары
2020-07-10 22:14
Чатыры гады таму полацкія рэканструктары на чале з Іванам Івановым пабудавалі дракар – старажытную ладдзю часоў вікінгаў.
Штогод на ім палачане выпраўляюцца ў розныя вандроўкі. Сёлетняя вандроўка па Дзвіне аказалася рэкорднай і па даўжыні маршрута і па хуткасці. Кажа Іван Іваноў:
– На нашым дракары мы паставілі большую адлегласць на сёлетні паход і дайшлі да Лявонпаля. Туды і назад шлях склаў каля 200 кіламетраў. Гэта заняло тыдзень. Па дарозе туды, на захад, не было сустрэчнага ветру. Гэта нам добра дапамагло. І таму мы паставілі рэкорд, дзесьці а пятай гадзіне вечара мы ўжо былі ў Дзісне.
Раней паход да Дісны ў палачан займаў амаль увесь светлавы дзень. Навучыліся вандроўнікі і ўмела карыстацца ветразем. Нават супраць рачной плыні ветразь дазваляе рухацца дракару даволі хутка.
Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя