Надзвычай загадкавая асоба прыйшла ў свет 5 снежня 1947 года. У вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна нарадзіўся хлопчык, якому накавана было стаць адным з самых велічных беларускіх паэтаў. Усё сваё жыццё Алесь Разанаў будзе займацца паэзіяй чыстай красы і напіша ў вечнасць свае верлібры, квантэмы, версэты і філазафемы.
З нагоды дня нараджэння паэта, якому сёлета магло б споўніцца 76 гадоў, мы сабралі для вас 5 відэаматэрыялаў, якія дапамогуць бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Алеся Разанава.
1. «Чорна-белыя вершы» ў выкананні Алеся Разанава
Хто хаця б аднойчы прысутнічаў на выступах паэта, добра памятае яго непаўторную манеру чытання з уласнымі тэмпамі і інтанацыямі, з надзвычайнай пластыкай. Гэты заўсёды было не толькі інтэлектуальнае, але і вытанчанае эстэтычнае падарожжа ў надзвычайны паэтычны свет беларускага генія. У праекце «Чорна-белыя вершы», які ўяўляе сабою зрэз сучаснага стану літаратуры і летапіс літаратурнай рэчаіснасці, Алесь Разанаў чытае свае «Спарышы» і «Сербскую вёску»
2. Студэнцкае паўстанне, яйка ў квадраце і пры чым тут беларускі спорт? Размова ад Андрэя Хадановіча
Як Разанаў спрабаваў падняць студэнцкае паўстанне ў 1968-м? Чым паэту абавязаныя ўсе аматары беларускага спорту? Чаму Разанаў – містыфікатар, які пераклаў вершы, якіх не было? Як Максім Танк дапамог Разанаву давучыцца, а Уладзімір Караткевіч выдаць кнігу? І ці сапраўды МТС узяў ідэю Разанава для свайго лога? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні ў сваім цыкле размоў пра беларускую і сусветную літаратуру падрыхтаваў беларускі паэт
Андрэй Хадановіч.
3. «Голас». Праграма-прысвячэнне незалежных Купалаўцаў
Гэтае відэа незалежныя «Купалаўцы» здымалі ва Украіне восенню 2021 года. У халодныя восеньскія туманы, чытаючы вершы Алеся Разанава, яны спрабавалі асэнсаваць яго адыход і яшчэ не ведалі, што літаральна праз год стратам не будзе ліку, і кожная з іх адгукнецца болем. У атмасферным маляўнічым відэапрысвячэнні развагі і паэтычныя радкі паэта-наватара выконваюць Валянціна Гарцуева, Мікалай Кучыц, Алена Зуй-Вайцяхоўская, Міхась Зуй, Мікалай Пінігін, Алеся Бельская, Аляксандр Зелянко, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Андрэй Дробыш і Віктар Манаеў.
Анатоль Івашчанка – беларускі паэт і літаратуразнаўца, які абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці Алеся Разанава. Тым, хто хоча больш ведаць не толькі пра жыццё, але і творчасць паэта, настойліва раім паслухаць дзве лекцыі даследчыка. Анатоль Івашчанка распавядае пра традыцыйныя і эксперыментальныя паэтычныя жанры Алеся Разанава:
«Пра Алеся Разанава гаворыцца шмат. Чатыры дзесяцігоддзі ягонае імя не сыходзіць з вуснаў неабыякавых да паэзіі. І яшчэ – невядома колькі – не будзе сыходзіць. Пішацца – меней. Бо як напісаць пра тое, як расце дрэва ці цячэ ручай?.. І заўжды, як пішацца акадэмічна, грунтоўна, «аб’ектыўна», з дэклараваннем апошняе праўды, адчуваеш: «трэба глыбей». Як адчуваў дваццаціпяцігадовы паэт, калі абіраў свой Шлях (ці, можа, Шлях абіраў яго), ствараючы паэму «Назаўжды», дзе развітваўся з сілаба-тонікай. Развітаўся не назаўжды…».
5. Музычны альбом на вершы паэта ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча
Сваю кружэлку «Акно» Вайцюшкевіч выдаў сёлета акурат да дня нараджэння Паэта. Праца над альбомам ішла некалькі гадоў – музыкант не аднойчы прызнаваўся, што марыць запісаць праграму на вершы Алеся Разанава. У выніку атрымалася меладэкламацыйная нізка, дзе музыка нечаканым чынам саступае месца тэксту і штораз з яго вынікае. Альбом складаецца з 13 асноўных і 2 бонусных трэкаў. І пагаджаемся з музычным крытыкам Віктарам Сямашкам: «Такога альбома ў Тодара яшчэ не было!». Абавязкова паслухайце.