У выдавецтве Vesna Books выйшлі дзве (з чатырох) першыя кнігі гістарычнага рамана «Silva Rerum» Крысціны Сабаляўскайце (Kristina Sabaliauskaitė) у перакладзе Сяргея Шупы. Твор літоўскай пісьменніцы — гэта вялікі, захапляльны, поўны інтрыг і прыгодаў, панарамны раман пра нашу гісторыю.
Silva Rerum — па-лацінску «лес рэчаў», папулярны ў XVI–XVIII стст. сярод літоўскай шляхты жанр, «сямейная кніга», якая перадавалася з пакалення ў пакаленне, дзе запісваліся важныя жыццёвыя падзеі. Дзея першай часткі адбываецца ў 1659–1667 гадах у Вільні і ў далёкім жамойцкім двары, сядзібе шляхецкага роду Нарвойшаў.
Падзеі Silva rerum II адбываюцца ў 1707–1710 гг. Паўночная вайна, чума, раскоша і галеча, шведскія і расейскія салдаты, яўрэйскія лекары, упартыя жамойты і іранічныя вільняне і, вядома, наступнае пакаленне шляхецкага роду Нарвойшаў.
Цыкл гістарычных раманаў «Silva rerum» доктара мастацтвазнаўства Крысціны Сабаляўскайце — адна з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў, якая атрымала ўвагу і прызнанне ў Літве і за мяжой. У Латвіі раманы «Silva rerum» былі абраныя ў сьпіс 100 самых любімых кніг латышоў усіх часоў. Пасля публікацыі ў Польшчы першы раман цыклу стаў бэстсэлерам, а ў 2016 годзе выйшаў у фінал прэстыжнай цэнтральнаэўрапейскай літаратурнай прэміі «Angelus». Літоўскія чытачы, выбіраючы ў 2018 годзе сто кніг стагоддзя, прысудзілі раманнаму цыклю «Silva rerum» трэцяе месца.
«Выдатна напісаны, маркесаўскі раман, дзея якога адбываецца ў Літве XVII стагоддзя і які разам з тым нагадвае, што гісторыя Цэнтральнай Эўропы — гэта наш агульны наратыў», — так выказвалася пра кнігу пісьменніцца Вольга Такарчук.
З нагоды выхаду першых дзвюх кніг цыклу ў беларускім перакладзе разгорнута выказаўся
Альгерд Бахарэвіч: «...Першыя два тамы „Silva rerum“ у Сяргеевым перакладзе я прачытаў як нешта вельмі блізкае, вельмі сваё. Гэта сапраўды вялікая кніга пра нашу Эўропу, Эўропу бясконцых шэра-зялёных лясоў, таямнічых рэк і глыбокіх азёраў, раскіданых між гэтага маркотнага абшару каменных маёнткаў і гарадоў, што хутчэй бароняцца сваёй эўрапейскасьцю ад навакольля, чым яго дапаўняюць. Кніга пра Эўропу, якую на Захадзе дагэтуль успрымаюць як terra incognita. Пра іншую Эўропу. Кніга пра тую Літву, якой беларусы збольшага ня ведаюць, хоць яна неімаверна блізка — значна бліжэй, чым здаецца. Кніга пра тое мінулае, калі між Літвой і Беларусьсю не было межаў у сучасным сэнсе слова. Кніга пра тое самае легендарнае ВКЛ часоў павольнага (а мо імклівага: хуткасьць і ход гісторыі залежаць ад таго, хто, калі і, галоўнае, каму яе чытае) заняпаду — але зь іншага боку і іншай мовай».
«Войны і інтрыгі. Каханьне і сьмерць. Краявіды і карты лёсу. Вільня і змовы. Вуліцы і вераб’і. Людзі і іх мары, іх гонар. Пра такія кнігі кажуць: сэрыял здымаць. І хоць кнігі мне мілейшыя — я б нешта такое паводле SR паглядзеў... Мо і зьнялі ўжо?» — дадае Альгерд Бахарэвіч.
Трэцяя кніга цыклу ўжо перакладзеная і рэдагуецца, Сяргей Шупа працуе над перакладам заключнай часткі.
Выдавецтва Vesna Books плануе серыю прэзентацый у розных краінах і гарадах, але цяпер кнігу ўжо можна купіць і вось дзе: