- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Алесь Камоцкі цяпер не толькі ўсім вядомы спявак і музыка, але і майстар па звіванню вяровак. Праўда авалоданне гэтым майстэрствам ішло ажно 12 гадоў. А калі гаварыць сур’ёзна, то нарэшце з’явіўся на свет праект Алеся Камоцкага пад назвай “Вяровіца Алеся Камоцкага складзеная з вершаў Рыгора Барадуліна і фотаздымкаў Джона Кунстадтэра пры музычным аздабленні Аляксандра Віслаўскага”. Тое, што атрымалася, сапраўды лепей за ўсё назваць праектам. Пад адной вокладкай змяшчаюцца дыск з 12-цю псалмамі, праспяванымі Алесем Камоцкім, і кніжка па фармату дыска, дзе спляліся разам тэксты псалмоў і фотаздымкі Джона Кунстадтэра, амерыканскага фотамастака, улюбёнага ў Беларусь. У кніжцы сабраныя фотаздымкі спадара Джона, прысвечаныя рэлігійным і абрадавым святам беларусаў. Калі памятаеце, Алеся Камоцкага, Джона Кунстадтэра і Рыгора Барадуліна яднае яшчэ і кніжка афарызмаў дзядзькі Рыгора “Навошта”. Тое супрацоўніцтва аказалася надзвычай паспяховым і знайшло свой працяг ў “Вяровіцы”. Прыемна адзначыць, што ў рэалізацыі гэтага праекта аказала спрыянне і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Вяртаючыся да згадкі пра 12 гадоў авалодання майстэрствам, патлумачым, што матэрыял для “Вяровіцы” быў упершыню запісаны 12 гадоў таму і існаваў у чарнавым варыянце. Першапачаткова праект меў назву “Псалмы і балады”. “Перабраўшы яшчэ некалькі назваў, мы вырашылі спыніцца на назве "Вяровіца Алеся Камоцкага", пазбегнуўшы тым самым прэтэнзій на аб’ектыўнае раскрыццё тэмы”, -- адзначыў Алесь Камоцкі. (http://zbsb.org)