Выйшала другая частка рамана „Беларусалім” – „Сэрца святла”
2020-07-03 16:10
Добрая навіна для Паўла Севярынца і для ўсіх аматараў яго літаратурнай творчасці. Выйшла з друку другая частка рамана „Беларусалім” – „Сэрца святла”.
Пра гэта паведаміла ў сваім Фэйсбуку жонка Паўла Вольга Севярынец. Як вядома, Павел Севярынец зараз знаходзіцца за кратамі. Яму прысудзілі 75 сутак адміністрацыйнага арышту, якія ён адбывае ў ізалятары на Акрэсціна ў Менску. Яшчэ да арышту Павел расказаў нашаму радыё пра свой новы раман:
– Гэта рэальны працяг першай кнігі з тымі самымі героямі, але значна шырэйшая геаграфія. Гэта па мясцінах былога Вялікага Княства Літоўскага часоў росквіту, і гэта даволі дынамічнае развіццё сюжэту, з шматлікімі адкрыццямі. Гэта раман-адкрыццё ці раман-прытча, штосьці з такіх жанраў, будзем так казаць. Гэта спроба іншасказальна падаць гісторыю Беларусі, бачанне Беларусі, беларусацэнтрычны такі раман, нездарма „Беларусалім”.
Вольга Севярынец напісала ў сваім Фэйсбуку, што спонсарскія асобнікі кнігі можна атрымаць ужо сёння па адрасе Менск, пр-т Незалежнасці, 58, павільён 333. Набыць кнігу можна на сайце
kroplia.by.
Беларускае Радыё Рацыя