Выйшаў дэбютны паэтычны зборнік Марыі Бадзей
2023-12-26 17:03
Выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм” выпусціла дэбютны зборнік вершаў Марыі Бадзей “Мёд і дым”. Кніга неўзабаве мусіць з’явіцца ў продажы.
Дызайн вокладкі зрабіла Лізавета Дубінчына.
“Вершы Марыі Бадзей нібыта выраслі з нашай зямлі, поўняцца галасамі яе дрэў, пахамі і колерамі паравінаў года. Яны зацягваюць углыб, як вада, але ў гэтай вадзе ― не толькі нашае тут, у ёй ― адбіткі сусвету. Мёд для слыху гэтыя вершы, і дым для сэрца”, ― піша пра паэзію Марыі перакладчыца і паэтка Вольга Гронская.
“«Мёд і дым» — гэта кніга-кантата, у якой словы маюць смак, колер і пах. Паэзія-рака, што нясе косткі традыцыі і памяці, якія сыходзяць у зямлю і ўваскрасаюць на ёй арэхамі, кукурузай, цыкорыяй і бэзам. Зборнік-люстэрка, з якога ў вочы чытачу глядзіць чалавек міфу”, — адгукаецца паэтка Ганна Шакель.
Марыя Бадзей — паэтка, выкладчыца, рэдактарка. Нарадзілася ў 1997 г. у Ваўкавыску. Скончыла Ліцэй БДУ і філалагічны факультэт БДУ, вывучала філасофію і літаратуру ў Беларускім калегіуме, вучылася ў Школе маладога пісьменніка. Рэдактарка культурніцкага праекта wir.by. Друкавалася ў часопісах «Маладосць» і «Дзеяслоў», зборніках паэзіі «Scriptorium» і «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт». Вершы перакладаліся на латышскую, нямецкую і ўкраінскую мовы. Лаўрэатка прэміі «Залаты апостраф» (2018) і конкурсу дэбютных рукапісаў «Неба з сабой» (2020). Удзельніца паэтычных фестываляў у Мінску і Берліне.