Выдавецтва «Лысы чэрап» у межах ініцыятывы «33 кнігі для іншай Беларусі» выпусціла трайны зборнік паэта Дзмітрыя Дзмітрыева «Codex. Imago. Index». Гэта дыхтоўнае выданне ў цвёрдай вокладцы з ілюстрацыямі Андрэя Фядорчанкі.
«Адзінаццаць гадоў таму, у гэты дзень — 6 верасня 2014 году — пасля сямейнага вечара ў коле нашых сяброў Мадлен і Андрэя мяне наведала ідэя, якая тады агаломшыла настолькі, што нават праз дзесяць гадоў, у момант стомленасці і творчай абыякавасці, здолела абудзіць ува мне ўнутраныя сілы, каб завяршыць гэтую кнігу. І я рады гэтаму, — дзеліцца навіной у сацсетках аўтар. — Кніга выйшла менавіта такой, якой я спрабаваў уявіць яе яшчэ раней — у верасні ўжо 2012 году, калі напісаў першыя тэксты да яе. Яна часткова публікавалася раней, потым пераасэнсоўвалася і перапісвалася».
Кніга паэзіі «Codex. Imago. Index» аб’ядноўвае тры часткі: «Эфект назіральніка», «Каспар Хаўзэр і заседжаныя мухамі партрэты», «Дэкалькаманія».
Вершы ствараліся цягам дзесяці гадоў у трох краінах — Швейцарыі, Беларусі і Польшчы — і складаюцца ў адзіны твор.
Першая частка — пра пабочны эфекце прысутнасці аўтара як назіральніка. Кінетычныя фігуры нідэрландскага скульптара Тэа Янсэна, механічныя лялькі XVIII стагоддзя майстра П’ера Жаке-Дро і «Карнавальны фантан» Жана Тэнглі ў Базэлі пераплятаюцца з алюзіямі на музычныя творы, мысленчымі эксперыментамі і асабістымі перажываннямі. Назіранне мяняе назіранае.
Другая частка — гісторыя Каспара Хаўзэра, загадкавага юнака, знойдзенага ў 1828 годзе ў Нюрнбергу, з таямнічым паходжаннем і трагічным лёсам. Рамантычны сюжэт разгортваецца як серыя інсектных партрэтаў меркаваных удзельнікаў падзей. У цэнтры — сам Хаўзэр, які перажыў метамарфозу: ад немаўляці-спадкаемца трону, праз стадыю ўвязнення ў замку, да знайдыша з трагічна-чароўным лёсам. Лічынка, кукалка, імага... і кропка ад шпількі на старонцы энтамалагічнага альбому.
Трэцяя частка, «Дэкалькаманія», названы ў гонар тэхнікі пераносу выявы. Лічбавыя копіі сусветных шэдэўраў выяўленчага мастацтва выпадковым чынам пераносяцца ў плоскасць тэксту. Розыгрыш латарэі ператвараецца ў жанр своеасаблівай «распакоўкі», дзе ні аўтар, ні чытач да канца не ведаюць, што менавіта будзе «вынята» з квадратнай скрынкі латарэйнага білета.
Кнігу
«Codex. Imago. Index» Дзмітрыя Дзмітрыева можна замовіць праз старонку выдавецтва
«Лысы чэрап» на пляцоўцы
Ko-fi.com, а таксама купіць у кнігарні
Bukinistka ў Варшаве (Wieniawskiego, 5J)