У верасні гэтага года ў польскім Любліне, у выдавецтве «Варштаты культуры» (сувыдавец Беластоцкі асяродак культуры) выйшла ўнікальная кніга — «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020». У ёй тэатральныя дзясятыя — перыяд адлігі, калі айчынны тэатр імкліва развіваўся і браў усё новыя і новыя вышыні — прааналізаваны, сістэматызаваны і абагулены айчыннымі даследчыкамі. Тэатральны крытык Дзяніс Марціновіч — пра плюсы і спрэчныя моманты кнігі, а таксама яе значэнне для айчыннай культуры.
Вокладка кнігі
Шлях да публікацыі і першыя ўражанні
«Нарысы» дабіраліся да чытача няпроста. Ствараліся яна па-беларуску і па-руску калектывам айчынных тэатральных крытыкаў і тэатразнаўцаў, якія ў цяперашніх умовах вырашылі захаваць сваю ананімнасць. Таму раздзелы кнігі падпісаныя псеўданімамі, свае прозвішчы «агучваюць» толькі тэатразнаўца Ірына Лапо, аўтар уступу і пасляслоўя, а таксама моўны рэдактар, перакладчыца Наталля Русецкая. Справа ў тым, што пасля напісання кнігі яе пераклалі на польскую мову і апублікавалі ў суседняй з намі краіне, а ўжо з польскага выдання перастварылі «Нарысы» на беларускую.
Кніга папоўніла нешматлікую паліцу выданняў пра айчынную тэатральную гісторыю, створаных незалежнымі даследчыкамі (а не дзяржаўнымі інстытуцыямі). З апошніх прац згадваецца хіба «Беларускі тэатр 1920-х — 1930-х: адабраная памяць» Андрэя Масквіна (2016) і «Экспериментальный театр БССР в период «оттепели». «Между» модернизмом и авангардом» Тані Арцімовіч (2020). Але ў абодвух выпадках гаворка ідзе пра адносна далёкія часы.
«Нарысы» створаныя па гарачых слядах, тэатралы — патэнцыйная аўдыторыя кнігі — маглі бачыць большасць пастановак на ўласныя вочы. А значыцца, параўнаць уражанні аўтараў са сваімі, дзесьці паспрачацца, а дзесьці згадзіцца і ў рэшце рэшт уступіць у так патрэбны нам усім дыялог.
Сцэна са спектакля «Шлюб з ветрам» у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Фота: rtbd.by
Выданне выглядае салідна і грунтоўна. Тытульны паказальнік (гаворка пра назвы драматычных спектакляў, операў, мюзіклаў і г. д.) займае восем старонак: стваральнікі кнігі імкнуліся максімальна ахапіць і прааналізаваць найлепшыя пастаноўкі дзясятых. Да таго ж аўтары не спыняюцца выключна на гэтым перыядзе: у «Нарысах» робяцца грунтоўныя экскурсы ў мінулае, што дазваляе разглядаць падзеі дзясятых у часе і з улікам гістарычнай рэтраспектывы.
У кнізе маецца імянны паказальнік, што спрашчае знаёмства з ёй і спрыяе пошуку патрэбнай інфармацыі, а таксама каляровая ўклейка. Не ўсе змешчаныя ў ёй выявы раўназначныя, разам з этапнымі туды траплялі і выявы шараговых пастановак. Але, магчыма, на выбар ілюстрацыйнага шэрагу паўплывала аўтарскае права. У любым выпадку фотаздымкі дапамаглі ажывіць тэкставы матэрыял.
«Усебаковасць» ці асобныя нарысы?
Цяпер пагаворым пра агульную структуру. Аўтары «Нарысаў» свядома адмовіліся ад напісання гісторыі асобных калектываў і выбралі ў якасці тэмаў для асобных раздзелаў сітуацыю ў пэўным жанры, відзе або кірунку развіцця тэатральнага мастацтва. Гаворка ў кнізе ідзе пра дакументальны тэатр, «новую жаночую хвалю», дзейнасць Цэнтра беларускай драматургіі, візуальны тэатр, тэатр лялек для дзяцей, а таксама оперу і мюзікл.
Структура выглядае цэласна. Выключэнне толькі адно: раздзел «Пошукі ідэнтычнасці ў спектаклях Купалаўскага пачатку ХХ стагоддзя» відавочна выбіваецца з агульнага падыходу. Гаворкі пра іншыя тэатры няма, але для Купалаўскага чамусьці зроблена выключэнне (ды і нулявыя — зусім не тэма кнігі). Да таго ж з заканчэннем раздзела лінія абрываецца і асобная гаворка пра дзейнасць Купалаўскага ў дзясятыя гады не ідзе. Акрамя таго аўтар раздзела разглядае не самыя ўдалыя пастаноўкі, што таксама супярэчыць агульнаму падыходу.
Цяпер пра канцэпцыю. Як адзначаецца ў прадмове, тэксты, «сабраныя ў гэтым томе, дазваляюць усебакова разгледзець працэс развіцця сучаснага тэатра ў Беларусі». Праўда, азначэнне «ўсебаковасці» ўсё ж выклікае ў мяне пэўныя пярэчанні. Напрыклад, у «Нарысах» зусім няма гаворкі пра балет. Прычына, бадай, у тым, што аўтарскі калектыў відавочна зрабіў стаўку на адсутнасць крытыкі (у значэнні абгрунтаваных прэтэнзій да аўтараў ці твораў). Сімвалічна, што ў «Нарысах» ніводнага разу не згаданыя шэраг кансерватыўных айчынных рэжысёраў, чые спектаклі не сталі падзеямі ў мастацтве. З аднаго боку, тут бачыцца натуральнае жаданне пазбегнуць непатрэбных прэтэнзій пакрыўджаных творцаў. З другога, так праяўляецца непазбежны адбор лепшага і найбольш вартага. Таму падыход выглядае цалкам лагічна. Як глабальна, так і ў дачыненні да балета — дзясятыя гады сталі не лепшым часам для гэтага віду мастацтва ў Беларусі.
Сцэна са спектакля «Песня песняў» у «АРТ Карпарэйшн». Фота: nashaniva.com
Але разглядаючы спектаклі тэатраў лялек, аўтары чамусьці абмінаюць дарослыя пастаноўкі — больш актуальныя і сугучныя з сённяшнім часам, чым дзіцячыя, пра якія ідзе гаворка. У выніку Аляксей Ляляўскі і Алег Жугжда — лідары свайго пакалення — згадваюцца менавіта ў гэтай якасці (першы з іх — яшчэ і як настаўнік наступнага пакалення лялечнікаў), да таго ж у выпадку Аляксея Анатольевіча гаворка чамусьці ідзе пра спектакль нулявых. Атрымліваецца не надта лагічна, бо найлепшыя пастаноўкі абодвух рэжысёраў якраз заўжды былі разлічаныя на больш падрыхтаванага гледача.
Натуральна, фармат нарысаў дазваляе сканцэнтравацца на асобных момантах, зрабіць акцэнт на пэўныя тэмы. Але такі падыход уступае ў пэўную супярэчнасць з заяўленай у прадмове «ўсебаковасцю».
Напрыклад, згадаем «Вестсайдскую гісторыю» — першы айчынны брадвейскі праект, пастаўлены па ліцэнзіі рэжысёркай Настассяй Грыненка. У адпаведным раздзеле ідзе гаворка выключна пра музычныя творы, напісаныя айчыннымі кампазітарамі, таму пра спектакль лагічна ні слова. Але заяўленая «ўсебаковасць» усё ж патрабуе неяк згадаць пра гэты этапны праект.
Спрэчныя моманты — і агульны высокі ўзровень
Нарэшце пяройдзем да фактычнага матэрыялу «Нарысаў». У рэцэнзіях на кнігі даўно стала звычкай ужываць фразу кшталту наступнай: «Адзначаныя недахопы/заўвагі/спрэчныя моманты (патрэбнае падкрэсліць) не ўплываюць на агульны ўзровень выдання». Скажу банальнасць, але гэта сапраўды так. Моманты нязгоды сапраўды хутка кідаюцца ў вочы і выклікаюць жаданне паспрачацца з імі, выказаць сваю пазіцыю. Фрагменты, з якімі згодны (а іх пераважная большасць), успрымаюцца як належнае, хоць за іх напісаннем стаяць гадзіны, дні, тыдні і месяцы напружанай даследчыцкай працы.
Багаццю сабранага матэрыялу можна толькі пазайздросціць. У «Нарысах» згадваюцца і/ці больш падрабязна аналізуюцца праца нашых патрыярхаў Валерыя Раеўскага і Барыса Луцэнкі, дзейнасць тэатраў-студыі ў дзевяностыя і станаўленне Свабоднага тэатра, фестываль ТЕАРТ і феномен айчыннай драматургіі, нават больш папулярнай за межамі краіны, чым у Беларусі.
Сцэна са спектакля «Мабыць» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі. Фота: rtbd.by
У адпаведным раздзеле аўтары акцэнтуюць увагу на айчынных мюзіклах, робячы найшыкоўнейшы агляд спектакляў, пастаўленых у папярэднія дзесяцігоддзі (асаблівая ўвага надаецца творам кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча). Гэтая ж грунтоўнасць уласцівая і агляду ранейшых оперных пастановак (як спектакляў савецкіх часоў, так і праектаў кампазітаркі Ларысы Сімаковіч, ажыццёўленых у нулявых і дзясятых). Цудоўна, што аўтары звяртаюць увагу на такія кірункі як «тэатр без сцэны» і «візуальны тэатр». Асобная гаворка пра праменад-тэатр, ці «блукалку», калі гледачам «прапануюць пакінуць месца ў звычайнай глядзельнай залі і адправіцца ў падарожжа па лабірынце калідораў, лесвіц, а часам і вуліц». У гэтым раздзеле, як і ў іншых, таксама не абыходзіцца без грунтоўных уводзінаў і сваіх цікавостак.
Аўтары «Нарысаў» імкнуцца абмінаць кансерватызм і штампы, рабіць акцэнт на пошуках і экспертыментах. І гэта цалкам правільна, лагічна, абгрунтавана, бо часцяком тое, што здаецца нам рэвалюцыйным прарывам, праз дзесяцігоддзі будзе ўспрымацца як рэтра.
Адзінае, у кнізе усё ж часам не хапае больш дакладных акцэнтаў на тым, што далёка не ўсе эксперыменты з’яўляюцца прарывам, што частка з іх хутчэй ствараюць глебу і грунт для новых пошукаў.
Ігнаруючы значную частку рэпертуарнай прадукцыі (у большасці выпадкаў цалкам апраўдана), акцэнт, напрыклад, робіцца на праекце «Мова Х» тэатра «Галава-нага». Але пры ўсёй шчырай павазе да стваральнікаў — з часткай з якіх я быў ці дагэтуль знаёмы асабіста — гэта аматарскі калектыў з усімі яго плюсамі і мінусамі (а ў кнізе ўсё ж такі вядзецца гаворка пра прафесійны тэатр).
Або ў адным з раздзелаў гаворка ідзе пра ўдзел дзвюх айчынных актрыс у перфомансе, прысвечаным экалогіі і перапрацоўцы адкідаў. Падчас яго перформеркі «крышылі шкляныя прадметы ў пясочніцы рукамі і нагамі, атрымліваючы парэзы». Ці настолькі гэта істотная падзея для айчыннага тэатра дзясятых? Не ўпэўнены.
Сцэна са спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі. Фота: bolshoibelarus.by
І яшчэ адна, ужо дробная нязгода. У аповедзе пра пастаноўку Юрам Дзіваковым «Войцэка» ў Купалаўскім у «Нарысах» адзначаецца, што спектакль праіснаваў нядоўга, але «чаму гэта адбылося, нават сам рэжысёр не можа адказаць дакладна». Але тады па гарачых слядах мастацкі кіраўнік калектыву Мікалай Пінігін адкрытым тэкстам заявіў на прэс-канферэнцыі, што пастаноўка супярэчыла яго канцэпцыі развіцця тэатра, рашэнне прыбраць пастаноўку з репертуара прымаў менавіта ён. Таму ніякага сакрэту ў гэтай гісторыі няма.
Аднак паўтаруся, што на агульны ўзровень гэтыя заўвагі не ўплываюць.
«Нарысы» — сапраўды падарунак для гісторыкаў мастацтва і тэатразнаўцаў, а таксама для шараговых гледачоў.
Бо цягам дзесяцігоддзяў у Беларусі адно за адным адбываюцца абнуленні (згадаем трагедыю РТБД са звальненнем акцёраў і адменай спектакляў, якая разгортвалася на нашых вачах). Адсюль узнікае непазбежны разрыў пакаленняў. Кожнае вымушанае пачынаць ледзь не з нуля (нездарма з годных пастановак дзясятых на сцэне засталіся адзінкі), а таму мае вельмі цьмянае ўяўленне, што рабілі і чаго дасягалі іх папярэднікі. У сваю чаргу ўжо іх пераемнікі слаба ведаюць пра дзейнасць гэтых людзей.
Мэту спыніць гэты бясконцы колазварот, зафіксаваць і прааналізаваць пастаноўкі, якія яшчэ нядаўна ўпрыгожвалі сцэны айчынных тэатраў, паставілі перад сабой аўтары «Нарысаў». У іх гэта атрымалася.
Дзяніс Марціновіч, Budzma.org