«Я вынырнуў у вольны свет». Інтэрв’ю Алеся Бяляцкага пасля вызвалення
2025-12-14 17:07
Нобелеўскі лаўрэат і старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі выйшаў на волю. У першым інтэрв’ю «Вясне» ён распавядае пра ноч вызвалення, дарогу з калоніі праз усю Беларусь, псіхалагічны стан пасля турмы, лёс палітвязняў, якія застаюцца за кратамі, і пра тое, чаму простага вызвалення недастаткова без спынення рэпрэсій. Расповед Алеся прыводзіцца ад першай асобы.
Пра вызваленне
Увогуле, учора быў крыху вар’яцкі дзень — мабыць, як і ва ўсіх вызваленых. Па-першае, рэзкая змена сітуацыі. Калі ты знаходзішся пад пастаянным прэсам і пастаяннымі выклікамі, якія мусіш вырашаць, якія патэнцыйна вісяць над табой, — гэта даволі псіхалагічна цяжкая атмасфера. І гэта працягвалася не адзін год. А пасля нечакана ты вынырваеш з яе ў вольны свет. Натуральна, што чалавек знаходзіцца пад вялікім псіхалагічным уздзеяннем. Я не выключэнне.
Хоць я гэта ўжо праходзіў дзесяць гадоў таму, калі адбываў першы тэрмін. Зараз сітуацыя фактычна паўтарылася: мяне вызвалілі тады датэрмінова і зараз датэрмінова. Я праседзеў толькі паўтэрміна з тых дзесяці гадоў, якія былі вызначаныя судом (там, улічваючы дзень за паўтара ў СІЗА, атрымлівалася дзевяць гадоў з хвосцікам). Вось гэтыя паўтэрміны ў мяне наступалі фактычна зараз, гэтай зімой. Яшчэ паўтэрміна трэба было сядзець да канца тэрміну.
І вось калі ты адразу выходзіш на волю, вынырваеш з гэтай сітуацыі, канешне, гэта няпроста. Учора быў для мяне няпросты дзень па напружанасці. У чатыры ночы мяне разбудзіў дзяжурны па атрадзе — а нас яшчэ кожную ноч правяраюць: «жоўтыя біркі», «экстрэмісты», два разы за ноч прыходзяць хтосьці з супрацоўнікаў калоніі і глядзяць, у якім мы стане. Мы пад пільным наглядам.
Я ўжо прызвычаіўся не звяртаць на гэта ўвагі: хтосьці тупае, і ты аўтаматычна адзначаеш у сне, што гэта, мабыць, прыйшлі цябе праверыць. Хаця часам могуць і пасвяціць ліхтарыкам у вочы, нават ушчыпнуць — праверыць, ці на месцы ты пад коўдрай. Адным словам, такая ў мяне была папярэдняя ноч.
А чацвёртай ночы мяне разбудзіў дзяжурны і сказаў, што мне трэба выйсці. Калі я выйшаў з секцыі, там быў начальнік рэжымнага аддзела калоніі, які сказаў тэрмінова збіраць рэчы. Я зразумеў, што гэта, мабыць, ЯНО. Бо сітуацыя з вызваленнем палітвязняў была актуальнай апошнія месяцы. Аналізуючы яе, размаўляючы з іншымі палітвязнямі (бо ў калоніі ў Горках знаходзіцца больш за два дзясяткі палітвязняў), я разумеў, што мусяць быць і наступныя вызваленні, наступныя групы вызваленых. І, верагодна, хтосьці з нас апынецца ў гэтых групах.
Так і атрымалася: з нашай калоніі вывезлі толькі мяне. Вывозілі пасля вобшуку, пасля таго як адабралі рукапісы двух маіх кніжак — яны засталіся там, — усе лісты, усе паперы, мае зацемкі па крымінальнай справе. Усё гэта фактычна не дазволілі забраць з калоніі. Ніводнай паперы адтуль я вывезці не змог.
Пасля гэтага, праз гадзіну такога дэталёвага вобшуку, мяне выпусцілі за сцены калоніі, пасадзілі ў легкавую кітайскую машыну — і мы паехалі праз усю Беларусь з усходу на захад. Нагадаю, што я сядзеў у калоніі ў Горках № 9, яна знаходзіцца практычна на мяжы з Расіяй — 14 кіламетраў. І, улічваючы, што побач не было вялікіх будынкаў, неба праглядалася вельмі далёка, і часам я жартаваў: «Глядзіце, ідзе дождж з Расіі» ці, наадварот, «ідзе дождж на Расію», калі хмары хадзілі туды-сюды.
Я ехаў з завязанымі вачыма. Павязку мне нацягнулі так, што праз яе можна было штосьці ўбачыць. Прынамсі, я зразумеў, што гэта накірунак на захад. Зразумеў, калі мы праязджалі каля Мінска, калі ехалі па кальцавой дарозе, зразумеў, калі выехалі на Віленскую трасу, што мы едзем у накірунку Вільні.
Пад’ехаўшы да Вільні, зрабілі невялікі перапынак. І ў лесе мы чакалі чатыры гадзіны, пакуль пад’едуць іншыя машыны з іншымі людзьмі, якія былі прызначаныя для такога дзіўнага вызвалення — амністыі ці чагосьці іншага. Бо мне нічога не казалі: ці гэта амністыя, ці нейкая экстрадыцыя, ці штосьці яшчэ. Дагэтуль мне нічога пра гэта не сказалі, ніякіх папер я не падпісваў. Проста кудысьці везлі.
Абыходзіліся вельмі далікатна — упершыню за многія гады. Хаця спачатку я быў у кайданках і з завязанымі вачыма, але было зразумела, што мы набліжаемся ўсё бліжэй і бліжэй да волі.
У гэтым лесе каля мяжы мы прасядзелі дзесьці чатыры гадзіны ў машыне. Потым, калі пад’ехала яшчэ некалькі такіх самых машын, якія прывезлі людзей з іншых калоній і з СІЗА (у асноўным гэта былі грамадзяне іншых краін, але было і некалькі палітычных асобаў), нас сабралася крыху больш за дзесяць чалавек.
Нас пасадзілі ў мікрааўтобус, і ўжо разам з амерыканскай дэлегацыяй, якая вярталася з Мінска, мы пад’ехалі да самай мяжы. Атрымалася так, што мы перасяклі мяжу разам з амерыканскай дэлегацыяй, якая вярталася пасля сустрэчы з Лукашэнкам.
Там адбылася кароткая сустрэча з амерыканцамі на мяжы. І там упершыню я патэлефанаваў жонцы. Пасля доўгіх гадоў мы змаглі перагаварыць. Больш за тры гады ў нас фактычна не было ніякіх кантактаў. І ўжо пасля пятай вечара я апынуўся ў Вільні.
Гэта дагэтуль вельмі хуткая і імклівая гісторыя. І псіхалагічна я дзесьці яшчэ там: працэс адаптацыі не прайшоў. Хаця я яшчэ раз паўтаруся, што для мяне гэта не новая сітуацыя — нешта падобнае я праходзіў у 2014 годзе пасля першага зняволення.
Зараз адбываецца вельмі шмат сустрэч: і з журналістамі, і з маімі знаёмымі, сябрамі. Прыехала жонка — мы ўпершыню ўбачыліся за столькі гадоў. Я цяпер знаходжуся ў пастаянных сустрэчах, у пастаянных размовах.
Гэта надзвычай важна для мяне, бо мы знаходзіліся там фактычна ў поўнай інфармацыйнай ізаляцыі: маглі толькі глядзець расійскае і беларускае тэлебачанне, слухаць навіны, пададзеныя пад пэўнай ідэалогіяй. І цяпер, каб аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю і мець магчымасць гаварыць тое, што сапраўды сабралася і назапасілася ў думках за гэтыя гады зняволення, я і праводжу гэтыя кансультацыі, сустрэчы. У бліжэйшы час адбудуцца сустрэчы і на даволі высокім узроўні.
Пра «Вясну»
Будучы ў «Вясне» ўвесь час і будучы разам з «Вясной», натуральна, усе гэтыя гады я адчуваў сябе часткай «Вясны». Мы выдатна разумелі, што, нягледзячы на зняволенне, мы застаёмся часткай «Вясны» і працягваем там рабіць сваю працу.
Гэта даволі парадаксальная сітуацыя: калі ты нічога не робіш, але працягваеш рабіць сваю працу. Бо само знаходжанне праваабаронцы ў зняволенні ўжо з’яўляецца яскравым паказальнікам адсутнасці правоў чалавека і дэмакратыі ў краіне. Такім чынам, мы выконвалі пэўную ролю маркера ўзроўню адсутнасці дэмакратыі.
Вельмі важна, што мы былі там разам з сотнямі і тысячамі іншых беларускіх палітычных зняволеных, бо з’яўляемся часткай беларускага грамадства, часткай яго актыўнай часткі. Мы разам з беларускім грамадствам пераносілі ўсе тыя цяжкасці, якія беларусы пераносяць усе гэтыя гады — і працягваюць пераносіць, бо нашы сябры застаюцца ў зняволенні.
Зараз у гэтай групе вызваленых ёсць Уладзімір Лабковіч, ёсць я. Але застаюцца Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч і іншыя нашы сябры і калегі — журналісты, праваабаронцы, у тым ліку Наста Лойка. І вельмі важна дабіцца, дачакацца іх вызвалення, каб у Беларусі скончылася гэтае паляванне на ведзьмаў, пошук «ворагаў народу», якое цягнецца ўсе апошнія гады.
Ёсць спадзяванне, што ўсё гэта скончыцца. Хаця з таго, што мне распавядалі пра апошнія арышты і затрыманні, відаць, што рэпрэсіі працягваюцца. Атрымаецца даволі шызафрэнічная сітуацыя: адной рукой улады выпускаюць палітвязняў, другой — зноў набіраюць тых, каго яшчэ не паспелі пасадзіць па тых ці іншых прыкметах: «экстрэмісцкая дзейнасць» ці іншыя надуманыя прычыны. Але ўсё гэта застаецца яскравым сведчаннем таго, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.
Вельмі важна данесці гэтую думку да міжнароднай супольнасці: мы павінны спыніць рэпрэсіі ў Беларусі. Бо проста выпускаць палітзняволеных — гэтага мала. Інакш гэты гандаль палітвязнямі будзе працягвацца бясконца: адных будуць адпускаць, другіх — саджаць і за гэта патрабаваць новыя льготы.
Мы ведаем, што ў выніку вызвалення гэтай групы палітвязняў з «Белкалія» знялі санкцыі. Гэта тое, чаго хочуць беларускія ўлады. Але мы хочам карэнных зменаў сітуацыі з палітзняволенымі ў Беларусі. Стоп палітвязням у Беларусі. Немагчыма, каб гэтая сітуацыя працягвалася далей.
Наколькі нам удасца гэтага дабіцца — будзем старацца ў бліжэйшы час. Я, вядома, мушу цяпер заняцца сваім здароўем, псіхалагічнай адаптацыяй, легалізацыяй тут, бо ў мяне пакуль часовая віза для знаходжання ў Літве. Пасля гэтага я буду працягваць праваабарончую працу па меры сваіх магчымасцяў — і тых магчымасцяў, якія ў мяне цяпер ёсць у сувязі з Нобелеўскім лаўрэатствам, бо яно дае пэўныя, больш значныя магчымасці, чым раней.
Я лічу, што гэта мой абавязак — і перад тымі, хто яшчэ застаецца ў турме, і перад усім беларускім грамадствам — працягваць сваю працу.