Яраслаў Іванюк: Такога трэба было даўно чакаць
2025-10-01 17:04
Напрыканцы верасня 2025 году Міністэрства інфармацыі Беларусі абвясціла аб пашырэнні спісу рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У абноўлены пералік уключаныя ўсе старонкі ў сацыяльных сетках і афіцыйны сайт беларускага фонду і выдавецтва з Беластоку — Kamunikat.org.
Сітуацыю каментуе стваральнік фонду Яраслаў Іванюк:
— Не толькі ўсе сацыяльныя сеткі, але таксама і сам рэсурс Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org прызнаны нібыта «экстрэмісцкім». Я магу сказаць так, што пасля блакіроўкі нашага сайту ў ліпені 2023 году можна было чакаць, што нешта такое, раней ці пазней, адбудзецца.
Па словах Яраслава Іванюка, ён раіць падпісчыкам у Беларусі адпісацца ад сацыяльных сетак Kamunikat.org:
— Усіх, хто ў Беларусі, мушу прасіць, каб усё ж такі вельмі асцярожна карысталіся нашым сайтам. Ад нашых сацыяльных сетак, відаць, варта адпісацца, каб не ставіць сябе ў небяспецы.
Фонд Kamunikat.org працуе з 2021 году, а на сайце Kamunikat.org сабраныя электронныя бібліятэкі, часопісы, кнігі і іншыя матэрыялы, звязаныя з гісторыяй і сучаснасцю Беларусі. Фонд таксама падтрымлівае беларускіх аўтараў, пераклады і выдавецкія праекты.
Цалкам матэрыял — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя