Гляджу на гэтую інфармацыю і ня
веру. Як можна прыдумаць такі абсурд? Некалі гаварылі, што ў савецкім КДБ была
спецыяльная секцыя, якая прыдумляла палітычныя анекдоты, за апавяданне якіх
пазней саджалі ў турмы і высылалі ў ГУЛАГ. Цяпер, відаць, ёсць у іх такая
секцыя, якая прыдумлівае абсурды.
Не
існуе ніякай кааліцыі выдаўцоў, у якую ўваходзілі б пералічаныя суб’екты і
асобы! А калі няма кааліцыі, значыць і няма экстрэмісцкага фармавання!
Мне згадваецца сфальсіфікаваная
палітычна-крымінальная справа «Саюза вызвалення Беларусі», распачатая супраць
дзеячаў беларускай навукі і культуры ў 1930 годзе. Тое ж адбываецца і сёння.
Гэта працяг рэпрэсій, якія рэжым
праводзіць у адносінах да беларускай культуры. Цяпер рэпрэсіі асабліва кранулі
выдаўцоў і распаўсюднікаў кніг. Цікава, што рашэнне КДБ прыняло 3 сакавіка — у
Дзень пісьменніка. Гэта такі своеасаблівы «падарунак» да гэтага свята. Таксама
як своеасаблівым «падарункам» было прызнанне Беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org і нашых сацсетак экстрэмісцкімі рэсурсамі якраз да юбілею
25-годдзя Kamunikat.
Рэжым вырашыў зрабіць беларускім выдаўцам яшчэ больш
праблемаў. Больш складанасцяў дадаць у нашай працы, якая і так няпростая.
Калі
гаварыць пра Камунікат, гэта паслядоўны крок рэжыму, якога можна
было чакаць. Таму што ў 2023 годзе у Беларусі заблакавалі наш асноўны адрас Kamunikat.org. Зрабіла гэта міністэрства прапаганды і дэзінфармацыі, якое, не ведаю чаму,
але лічыць сябе Міністэрствам інфармацыі.
Пазней,
напрыканцы кастрычніка мінулага года, пачаўся нейкі дзіўны зварот да нашага
сайта з боку нібыта карыстальнікаў з... Кітая. Там былі дзясяткі тысяч запытаў да
нашай базы дадзеных, што закончылася хакерскай атакай 24 снежня, якраз на
каталіцкае Раство. Ад гэтага мы здолелі адбіцца. На гэтым аднак не канец.
Падобная сітуацыя ў лютым здарылася з нашай інтэрнэт-крамай.
Пазней
пачаўся нейкі зусім нічым не абгрунтаваны, па-мойму, пераслед беларускіх
выдаўцоў у Рэспубліцы Беларусь.
Ну
і мэта тут адназначная — проста звязаць з гэтымі выдаўцамі, якія знаходзяцца
па-за Беларуссю, а Kamunikat,
і Янушкевіч, і Логвінаў знаходзяцца па-за Беларуссю, звязаць з імі людзей, якія
ў Беларусі, і проста такім чынам пакараць іх крымінальна. Гэта найбольш
страшнае, што цяпер можа адбывацца, хаця я хацеў бы памыляцца. Проста шмат
людзей зноў сядзе на доўгія гады.
І тут рэжым робіць гэта ўсё, як
мне здаецца, дзеля таго, каб мець увесь час разменную манету, мець чым
гандляваць з Доналдам Трампам. Тут ягоны высланнік гаварыў пра тое, што нібыта
атрымаў даручэнне ад Трампа, каб вызваліць усіх беларускіх палітвязняў. Ну і
памалу гэтых палітычных зняволеных выпускаюць рэжымам, але на іх месца садзяць
новых людзей. Лукашэнка мусіць мець чым гандляваць з Амерыкай і з Захадам, ну і
ён гэта працягвае рабіць.
Чым
мы можам у гэтай сітуацыі адказаць на гэтыя рэпрэсіі, ператрусы, затрыманні
людзей ў Беларусі, звязаных з кнігамі, з выдаваннем кніг, з распаўсюдам гэтых
кніг?
Мы тут, за мяжой, можам выдаваць новыя кнігі, ладзіць аўтарскія сустрэчч і кніжныя кірмашы.
Вядома, ад гэтага лягчэй працаваць не стане, але ж.... Так, як пісаў Караткевіч: «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто,
— і тады пераможаш!»