«З'ехалі на гастролі і не вярнуліся»
2020-06-22 23:36
22 чэрвеня Бранскі тэатр драмы выпусціў відэа, у якім распавёў пра трупу акцёраў зніклых у Гродне ў першы дзень вайны ў 1941 годзе. Невялікі фільм агучвалі сучасныя акцёры тэатра.
У красавіку 1941 года акцёры Бранскага тэатра драмы імя Маякоўскага паехалі ў гастролі па Беларусі. У чэрвені трупа апынулася ў Гродне. 21 чэрвеня, за дзень да нападу Нямеччыны на СССР, акцёры прадставілі прэм’ерны спектакль «Машенька» паводле п’есы Афінагенава. Ён быў апошнім. Акцёры пасля невялікага адпачынку планавалі выязджаць з Гродна.
На наступны дзень пачалася вайна. Кіраўнікі трупы вырашылі сыходзіць у бок Мінска, але немцы так хутка рухаліся, што нагналі іх. Вядома, што трупа трапіла ў канцлагер пад Мінскам. Кагосьці расстралялі, а хтосьці змог вызваліцца. З 70 артыстаў дадому вярнуліся толькі 11. Лёс астатніх дагэтуль невядомы.
Руслан Кулевіч