- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Пятро прагаласаваў. Машына не спынілася. Мабыць, выгляд падарожнага не зрабіў на шафёра належнага ўражання. Але сам пасажыр думаў аб сабе інакш: у свае васемнаццаць год ён быў поўны высокіх мараў і надзей, без гонару і зазнайства лічыў, што ён чалавек цікавы і апрануты для студэнта прыстойна, а таму мае права на ўвагу людзей. Аднак ён не пакрыўдзіўся і не ўзлаваўся, хоць і не першы вадзіцель так няўважліва праехаў міма. Правёўшы позіркам машыну, ён зноў з прыемнасцю разлёгся на прыдарожнай лаўцы ў цені сосен, паклаўшы галаву на свой пацёрты цыратавы партфелік, напакаваны марамі, надзеямі і рознымі думкамі гэтак жа поўна, як і галава студэнта. Але ў партфелі яны ляжалі ў выглядзе дзённікаў, у якіх добрая палавіна розных здарэнняў і падзей была выдумана, і вершаў — простых, наіўных, але шчырых, бо ўсе яны прысвячаліся ёй.