У падкамітэце па правах чалавека Еўрапейскага парламенту абмеркавалі сітуацыю з палітвязнямі ў Беларусі.На абмеркаванне беларускіх праблем у Еўрапейскі парламент запрасілі
Наталлю Пінчук, жонку зняволенага беларускага праваабаронцы, лаўрэата Нобэлеўскай прэміі міру
Алеся Бяляцкага.
На слуханнях пабывалі каля 20 еўрадэпутатаў, якія цікавіліся, якім чынам можна дапамагчы беларускім палітвязням і іх сем'ям, выказвалі прапановы, як прыцягнуць улады Беларусі да адказнасці за катаванні і іншыя парушэнні правоў чалавека. Гучалі прапановы аб тым, каб інстытут апекуноў беларускіх палітвязняў з ліку еўрадэпутатаў, дзейнічаў больш эфектыўна.
Наталля Пінчук сярод іншага заявіла:
«Калі б сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі была іншай, калі б з 1995 году Лукашэнку не ўдалося крок за крокам іх знішчыць – пры маўклівым сузіранні дэмакратычнага свету, – можа, не было б сённяшняй трагедыі ўкраінскага народу. Свабодная і незалежная еўрапейская Беларусь проста зрабіла б такія сцэнары немагчымымі. Памылкова лічыць, што з рэжымам трэба таргавацца і «не заганяць яго ў кут«, бо іначай ён, маўляў, здасць Беларусь Расеі. Нішто не перашкаджала яму зрабіць дэманстратыўны гуманітарны крок (напрыклад, адпусціць хранічна хворых, пажылых, шматдзетных). Але не, замест гэтага ён толькі захоплівае новых закладнікаў, каб сеяць страх. Бо беларускі народ не скарыўся, падзеі 2020 году не забытыя».
Наталля Пінчук выказала спадзяванне, што краіны Еўрапейскага Звязу, лідары свету ў адстойванні дэмакратычных каштоўнасцяў, прымусяць міжнародныя арганізацыі выконваць сваю місію, у тым ліку Чырвоны Крыж.
Пінчук заявіла, што дыктатура Лукашэнкі працягвае адбіраць у беларусаў права на ідэнтычнасць.
«За 2020-2023 гады фармальна закрытыя ўсе без вынятку незалежныя арганізацыі, якія займаюцца адраджэннем нацыянальнай культуры. Зняволеныя сотні педагогаў, пісьменнікаў, музыкантаў і мастакоў. За беларускую мову б’юць у аддзелах міліцыі і пераследуюць у адміністрацыйных турмах. Медыя, якія спецыялізуюцца на гісторыі і культуры, абвешчаныя «экстрэмісцкімі«. Перапісваюцца школьныя падручнікі. Адбываюцца чысткі кніг у бібліятэках. Гэта – прыкметы этнацыду».
ав/Радыё Свабода