- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Так, Азгур — наш герой... Музей-майстэрня — не толькі і не проста мемарыяльная, але і манаграфічная інстытуцыя. Наш збор уключае выяўленчыя калекцыі і прадметы, якія маюць дачыненне да асабістага, прыватнага жыцця мастака. Азгур супаў, быў мабілізаваны XX стагоддзем. Яго творчая спадчына — гэта XX стагоддзе «ў асобах», гэта яго выбар. Унікальная сітуацыя. І мы працяглы перыяд пазіцыянавалі сябе як «музей эпохі, музей эпосе». А затым наступіў этап арт- і іншых уварванняў. Сучасны мастак, які прэтэндуе на рэалізацыю ў музеі-майстэрні, урываецца ў прастору Азгура. Па сутнасці, працуючы з музейным зборам, ён даследуе мінулае. Гэта шлях пошуку новых сэнсаў, рэінтэрпрэтацыя, што актуалізуе традыцыйны музей. І гэта вялікае шчасце, калі спадчына становіцца важнай для сучаснага аўтара не менш, чым для гісторыі мастацтва або музейшчыкаў. Гэта ўзаемная праца, узаемнае набыццё і развіццё. У гэтым выпадку ўзнікае сінергія, і наша экспазіцыя не ўспрымаецца як дэкарацыя. Мы сапраўды адкрываліся як мемарыяльная інстытуцыя, але ў працэсе эксперыментаў (увядзенне новага візуальнага шэрагу, гуку, пластыкі) усвядомілі, што мадэль музея-трансформера, якая спалучае мінулае і сучаснасць, — наша мадэль. Актыўна абмяркоўвалася канцэпцыя стварэння на базе музея Азгура Беларускага Цэнтра скульптуры. Але менавіта цяпер мы разумеем, што паспяховая наша будучыня — у сінхронным збалансаваным развіцці дзвюх платформ: мемарыяльнай — як Месца памяці, і эксперыментальнай — «Азгур Мадэрн».