Прэзэнтацыя кніжкі «Гайд палітзьняволеньня» адбылася 27 лістапада ў амбасадзе Нарвэгіі ў Літве.
Гасьцям прадставілі беларуску Марыну, якая прыдумала стварыць у такой незвычайнай форме кніжку пра беларускія вязьніцы і суправадзіць яе карыснымі парадамі ад былых вязьняў.
Кніга — калектыўны твор ініцыятывы «Праект 361.1», які заснавалі беларускія ўцекачы ў Эўразьвязе. Яе выпуск прафінансавала Нарвэская амбасада ў Літве.
«„361.1“ — гэта нумар артыкулу Крымінальнага кодэксу Беларусі, па якім караюць за прыналежнасьць да экстрэмісцкай арганізацыі. Можна нават не выходзіць на акцыі, а толькі паставіць лайк ці пакінуць які камэнт, і цябе залічаць у экстрэмісты з адпаведнымі наступствамі. Праз гэта пасадзілі ўжо сотні беларусаў. Зь сябрамі мы вырашылі іх падтрымаць, а іншым даць парады на розныя выпадкі жыцьця за кратамі і па вызваленьні», — патлумачыла сэнс сваёй працы Марына (імя дзяўчыны зьмененае ў мэтах бясьпекі).
У Беларусі Марына вучылася ў БДУІРы, удзельнічала ў пратэстах 2020 году і мусіла зьехаць з краіны, апасаючыся рэпрэсій. Прытулак дзяўчына знайшла ў Літве, для падаўжэньня вучобы абрала Віленскі ўнівэрсытэт.
«Але я не магла проста спакойна жыць і вучыцца. Тое, што адбывалася і адбываецца дагэтуль у роднай Беларусі, гэтак закранула, што хацелася кожнаму сустрэчнаму пра гэта распавядаць», — кажа Марына пра імпульс, які падштурхнуў яе да грамадзкай актыўнасьці ў эміграцыі. Гэтак спачатку дзяўчына далучылася да ініцыятывы «Вольныя паштоўкі», якая займалася напісаньнем лістоў палітвязьням, а потым стала адной з заснавальнікаў «Праекту 361.1». Наперадзе, паводле Марыны, новыя грамадзкія акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі і падтрымкі іх семʼяў.
Большасьць стваральнікаў «Гайда палітзьняволеньня» пакуль працуе пад выдуманымі нікамі. Аўтар тэксту — Маўклівы Мішка, дызайнэр — Сонная Янотка, псыхоляг — Веснавы Дожджык. Беларуская рэальнасьць такая, што могуць пацярпець ня толькі актывісты, але і іх сваякі дома.
Марына тлумачыць, навошта падарожнікам па ўмоўнай «Валадарцы» спатрэбіцца незалежны псыхоляг.
«Большасьць парадаў і лайфхакаў у кнізе — ад былых палітвязьняў, але ў апошнім разьдзеле парады дае прафэсійны псыхоляг. Гэты разьдзел — пра будучыню: пра тое, як падтрымаць сябе, калі вярнуўся з турмы, і чым дапамагчы блізкім, якія вярнуліся зь няволі, а таксама іхным сямейнікам. Магчыма, гэта самае важнае, бо заўсёды трэба бачыць мэту і рухацца наперад», — мяркуе рэдактарка кнігі.
«Гайд палітзьняволеньня» можна замовіць
на сайце ініцыятывы «Праект 361.1», аплаціўшы толькі дастаўку. Або
пачытаць у электронным выглядзе.